Адміністрацыя Дональда Трампа ўвяла санкцыі супраць 13 прыватных асоб і 12 кампаній у Іране пасля нядаўняга выпрабаванні балістычнай ракеты, піша ВВС. 

Амерыканскае казначэйства таксама паведаміла, што некаторыя з людзей і арганізацый, якія трапілі пад санкцыі, базуюцца ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Ліване і Кітаі.

1 лютага ўлады Ірана пацвердзілі, што краіна правяла выпрабаванне балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці, заявіўшы, што гэта не з'яўляецца парушэннем ядзернага пагаднення з сусветнымі дзяржавамі.

Пасля гэтага саветнік Трампа па нацыянальнай бяспецы Майкл Флін заявіў, што Вашынгтон выносіць Тэгерану афіцыйнае папярэджанне.

Сам прэзідэнт Трамп напісаў у твітары: «Іран гуляе з агнём — яны не цэняць, якім добрым быў да іх прэзідэнт Абама. Не я!».

Аднак Іран у адказ заявіў, што не будзе саступаць «пустым» амерыканскім пагрозам ад «неабазнанага чалавека».

З 2015 года, калі было дасягнутае пагадненне з Тэгеранам па ядзернай праграме, Іран ужо некалькі разоў праводзіў аналагічныя выпрабаванні. Падчас прэзідэнцтва Абамы Белы дом заяўляў, што вывучае абставіны дадзеных інцыдэнтаў.

Рэзалюцыя РБ ААН ад 20 ліпеня 2015 года заклікае Тэгеран адмовіцца ад выпрабаванняў балістычных ракет, здольных несці ядзерны зарад. Іран сцвярджае, што ў яго няма ядзернай зброі.

У снежні прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што ён мае намер дамовіцца з Дональдам Трампам аб адмене ядзернага пагаднення з Іранам.

Трамп падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі неаднаразова крытыкаваў угоду, заключаную Іранам з шасцю дзяржавамі, у тым ліку з ЗША і Расіяй. Трамп назваў пагадненне па іранскім атаме катастрофай і заявіў, што ЗША могуць адмовіцца ад гэтага пагаднення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?