Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт даўно завочна дыскутуе з Аляксандрам Лукашэнкам з нагоды якасці беларускай прадукцыі. Аб тым, як будзе рэагаваць на адкрыццё супраць яго ў Беларусі крымінальнай справы, ён распавёў у інтэрв'ю РБК.

vgnki.ru

vgnki.ru

— Сёння Аляксандр Лукашэнка выступіў з нечаканай для многіх заявай аб распачацці супраць вас крымінальнай справы. Па яго версіі, вы не пускаеце беларускую прадукцыю на расійскі рынак. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

— Мне цяжка каментаваць заяву прэзідэнта, таму што я выконваю сваю працу. І, трэба сказаць, беларускія калегі таксама нашы прадпрыемствы абмяжоўвалі, і вельмі сумнеўна, каб наш прэзідэнт пагражаў нейкім беларускім дактарам або дактарам іншых краін. Таму для мяне гэта проста дзіўна, я над гэтым не думаў пакуль.

— Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў: «Усе гэтыя данкверты — людзі зацікаўленыя, у кожнага велізарная латыфундыяў, яны самі з'яўляюцца вытворцамі таго ці іншага прадукту». Як вы можаце гэта пракаментаваць?

— У беларускіх кампаній, якія ашуканскімі спосабамі пастаўляюць, дапусцім, украінскую прадукцыю, напэўна, ёсць свае інтарэсы. Напэўна, трэба са сваімі разбірацца. Калі мы там прымаем удзел — іншая справа.

— То значыць, вы не засмучаныя гэтымі прэтэнзіямі?

— Ну як не засмучаны, вядома, засмучаны. Вы ж ведаеце, любы чалавек, якому пагражаюць, спачатку думае, што гэта ўсё не так, потым пачынае думаць: а як жа наогул рэагаваць? Але, я вам скажу, у дадзеным выпадку я ўсё-ткі разглядаю гэта як не зусім карэктныя меры аказання ціску ў цэлым на службу. Калі ўзяць у вялікім маштабе ўсёй краіны, то [гэта ціск] на ўсіх чыноўнікаў нашай краіны. Чаму? Таму што, уявіце, быў Баўмгертнер (Уладзіслава Баўмгертнера, на той момант кіраўніка «Уралкалія», у 2013 годзе арыштавалі ў аэрапорце супрацоўнікі КДБ, калі топ-менеджар паехаў у Менск на перамовы з прэм'ер-міністрам Беларусі, і абвінавацілі ў злоўжыванні паўнамоцтвамі, а потым і ў буйных крадзяжах), потым Данкверт. Тым людзям, якія маюць такія прозвішчы, а ў нас многія і ў Ашчадбанку маюць такія прозвішчы — нямецкага кірунку, трэба асцерагацца.

Таму гэта, вядома, псіхалагічнае ўздзеянне, яно вельмі правільнае, таму што многія людзі задумаюцца. Мы, у сваю чаргу, таксама задумаліся, што далей. Мы проста не сумняваемся, што мы свае далейшыя меры працягнем. Сёння праходзілі перамовы з кіраўніцтвам ветэрынарнай службы Беларусі і кіраўніком ветэрынарнай службы Мінскай вобласці. Мы вельмі не задаволеныя ўсёй сітуацыяй, якая складваецца ў Мінскай вобласці ў галіне ветэрынарыі, калі Мінская вобласць чамусьці стала ў нас такім транзіцёрам забароненай прадукцыі. І ў нас ёсць пацверджаныя факты, якія нікуды не падзенеш. Таму пасля правядзення перамоў мы прынялі рашэнне аб закрыцці [паставак] ялавічыны, субпрадуктаў ялавічных з Мінскай вобласці. Гэтым самым мы выказваем пэўны недавер галоўнаму ветэрынарнаму доктару Мінскай вобласці, які не ў поўным аб'ёме правёў расследаванні.

Забарона ўведзеная з панядзелка (6 лютага 2017 года), я падпісаў гэтае ўказанне. Мы вымушаныя сёння працаваць так, як мы лічым неабходным для забеспячэння бяспекі. Таму што калі нашы беларускія калегі выдаюць ветэрынарныя сертыфікаты на ўкраінскую ялавічыну са зрэзанымі клеймамі, то ўзнікае пытанне: хто правяраў гэтую ялавічыну, у якім яна ўвогуле стане? Якія лабараторыі рабілі аналіз? Ёсць там хваробы або няма? У нас жа галоўная задача — асабліва небяспечныя хваробы не зацягнуць у краіну. Так што мы выконваем сваю працу і стараемся рабіць яе з мінімальнай колькасцю страт для бізнэсу.

— Калі раптам сітуацыя з крымінальнай справай супраць вас будзе неяк далей разгортвацца, што будзеце рабіць?

— А што можа зрабіць чалавек супраць прэзідэнта? Тым больш Беларусі. Што можа зрабіць просты [чалавек], нават кіраўнік? У лепшым выпадку трэба піць заспакойваючае на ноч, у адваротным — проста скончыць жыццё самагубствам. Таму што, калі табе пагражае прэзідэнт, што ты можаш зрабіць?

— Акрамя мяса, па іншых катэгорыях беларускіх прадуктаў у вас яшчэ ёсць прэтэнзіі?

— Вось не хацеў бы напружваць і абмяркоўваць. У нас праца, якая звязаная з маніторынгам, аналізам. У нас па ўсіх краінах і па ўсіх відах прадуктаў ёсць прэтэнзіі. Проста ў залежнасці ад ацэнкі рызыкі прымаюцца меры. Ці не прымаюцца меры. Мы робім тое, што неабходна. Таму па беларускай прадукцыі мы рухаемся наперад. Нам матэрыялы даюць, мы глядзім. Гэта значыць сам па сабе прагрэс там ёсць.

— Вы ўжо апавясцілі беларускі бок аб увядзенні абмежаванняў?

— Дакументы павінны пайсці неадкладна. Яны ўжо пайшлі, я думаю.

— Гэта значыць, пакуль ад беларускага боку нейкай рэакцыі не было?

— Вы ведаеце, кіраўнік падпісаў. Далей стандартная працэдура — канцылярыя, штамп, нумар — і ва ўсе інстанцыі, у тым ліку МЗС, Мінэканамразвіцця, пасольствы і гэтак далей. Сёння ўсё павінна пайсці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?