У Менску зь сямі сотняў ахвотнікаў паехаць у Гарадок візы атрымалі толькі 150. А тэлетрансьляцыя дала падставы для невялікага скандалу. Піша Сяргей Будкін.

Тое, што да «Басовішча» дабраліся зусім няшмат людзей, першымі адчулі жыхары Гарадку, што здаюць беларусам падчас фэсту пакоі ў сваіх хатах. «Сваіх заўсёднікаў сёлета так і не дачакаліся, хата будзе пуставаць», -- раней такога ад тутэйшых пачуць было немагчыма. Далучэньне Польшчы да Шэнгену ды адсутнасьць каардынацыі ў Беларусі сапраўды адбіліся на наведвальнасьці фэсту.

Напрыклад, у Менску зь сямі сотняў ахвотнікаў паехаць у Гарадок візы атрымалі толькі 150, не пашэнціла і некалькім гуртам — з хэдлайнэраў фэсту не даехалі «Znich» i Zet (адмовіліся ў апошні момант), часткова «Zatoczka» ды яшчэ тры канкурсанты. Немаведама, хто тут вінаваты — музыкі ці самі арганізатары, але раней такія праблемы вырашаў беларускі каардынатар «Басовішча», якога сёлета папросту не знайшлося.

У выніку на шэсьць прызоў ад арганізатараў ды спонсараў фэстывалю прэтэндавалі … шэсьць гуртоў, а сярод публікі часьцей можна было пачуць польскую мову, чым беларускую.

Акром тутэйшых, нешматлюднасьць адбілася яшчэ і на гурце «Крама», якія да ўсяго сталіся ахвярамі арганізатарскага экспэрымэнту. Каманда Ігара Варашкевіча ўпершыню выступала на сцэне «Басовішча», калі яшчэ было сьветла — яны адкрылі першы дзень і сабралі на свой выступ чалавек дваццаць. «Плюс тут толькі адзін -- можна пайсьці раней піць віно», -- сказаў пасьля свайго сэту Ігар Варашкевіч. І гэта быў не адзіны экспэрымэнт з праграмаю.

Леташніх пераможцаў на фэст было вырашана не запрашаць (выступіў толькі адзін зь іх — SOK). Замест «Фляўса» ды «Уніі» на сцэне «запальвалі» зусім неўцямная польская група «Gate» і менскі «Рахіс» — хлопцы душэўныя, але сырыя што да гучаньня. Як выявілася, для гэтых гасьцей фэсту выступ быў дэбютам на вялікай сцэне. Праз адбор з прынцыпу «па знаёмстве» сёлетняе «Басовішча» (асабліва другі дзень) у музычным пляне было малацікавым. Майстар-клясу давалі ўкраінцы «І друг мой грузавік» і палякі Dick4Dick. І адны, і другія, як выявілася, зусім ня ведалі, куды прыехалі. Іх вакалісты, не згаворваючыся між сабой, выказалі думку, што «Басовішча» зьяўляецца напэўна «фэстывалем добрых бас-гітарыстаў». Тым ня менш, расейскамоўны па жыцьці вакаліст «грузавікоў» Антон Сьлепакоў адчуў, што фэст мае нацыянальную афарбоўку і вырашыў са сцэне размаўляць па-ўкраінску. Госьці сёлетняга «Sziget’у» на «Басовішчы» сьпявалі дурнаватыя песьні пра футбаліста Дэль П’ера і заклікалі рабіць выбар на карысьць мінэральнай вады. Хто бачыў гэты гурт з Днепрапятроўску першы раз былі зьдзіўленыя нямала: музыкі выкарыстоўваюць толькі два інструмэнты (бас і бубны), але гучаць вельмі шчыльна і зладжана.

«Што гэта за сьпіс, дзе ULIS і N.R.M.?» — наракаў на праграму 19-га «Басовішча» Лёнік Тарасевіч. Пачэсны старшыня журы на ранейшых фэстывалях сёлета быў у Борыку толькі ў якасьці назіральніка. «Глядзець няма на што. Наўкол самадзейнасьць», -- выказаўся мастак пасьля выступу «5set5».

Тэлекамэры і сьцягі

Адна з тых рэчаў, што ўдалася на 19-м «Басовішчы» — зрабіць зь яго мэдыяпадзею. Праўда ўжо падчас фэсту, а не папярэдне. Мясцовыя беларусы адзначалі, што зусім мала рэклямалася «Басовішча» сёлета. Затое выпуск мясцовага нумару «Gazety Wyborczej» за 18 ліпеня выйшаў з 4-старонкавым беларускамоўным дадаткам «Газэта на Басы», а жывая трансляцыя вялася праз інтэрнэт, радыё і тэлебачаньне. Што праўда, апошняя акалічнасьць дала падставы для невялікага скандалу.

Яшчэ на самым пачатку імпрэзы, на вялікае дзіва гледачоў, польскія ахоўнікі змушалі апускаць беларускія сьцягі. Пайшлі чуткі, што яны шкодзяць тэлекамэрам «Белсату». Прадстаўнік каналу Аляксей Дзікавіцкі ўдакладніў: ніхто ня просіць згортваць сцягі, было толькі пажаданьне трымаць іх у руках, а не на дрэўках. Арганізатары фэсту дык наагул спаслаліся на польскі закон «Аб масавых мерапрыемствах», паводле якога карыстаньне тымі дрэўкамі для сьцягоў забароненае . Адзін зь мясцовых беларусаў, што бачыў усе 19 фэстываляў, ад гэтага інцыдэнту быў у шоку: «Такога яшчэ на «Басовішчы» не здаралася!». Крыкі гледачоў «Ганьба!» на «Басовішчы» — зьява сапраўды экзатычная.

Лукашэнка не даехаў

Конкурс маладых выканаўцаў на «Басовішчы-2008» быў багатым на адкрыцьці, хоць і не даехалі патэнцыйныя фаварыты -- «Хуткі смоўж» з вакалістам, што мае калярытнае прозьвішча Лукашэнка, ды «Голая манашка» з харызматычным Федзем, што нядаўна выйшаў з калёніі.

Уразіў гурт Spita/\ь F (2-е месца), што распрацоўваюць псыхадэлічную рок-дзялянку. Падчас абвяшчэньня вынікаў іх вакаліст Андрэй Зелянеўскі заляпіў рот скотчам, на якім напісаў: «Дзякуй». На такі ўчынак ён «натхніўся» пасьля леташняга здарэньня, калі музыка з «Фляўса і Кляйна» крычаў са сцэны «Спасібо вам!».

Вельмі цікава гучалі мясцовыя музыкі з Гарадку «Overday», што адмыслова да «Басоў» падрыхтавалі беларускую праграму. На вялікае дзіва, аніякім прызам яны адзначаны не былі.

«Глюкі» атрымалі 3-ю прэмію хутчэй за свае ранейшыя заслугі, чым за канкрэтны выступ на гэтым фэстывалю. Надта ўжо нязладжана гралі магілёўцы дый вялікія праблемы з гукам іх перасьледавалі.

У пэўнай ступені нечаканым можна назваць выбар пераможцы «Басовішча». Гарадзенскі гурт «Tlusta Lusta» працягвае традыцыі сваіх папярэднікаў — зорак беларускіх фэстаў канца 90-х — «Кальяну» ды «Deviation». На «Басовішчы» яны давалі бруднага «антыкалгаснага» панк-року, кпілі з жыхароў аграгарадкоў ды аматараў сэрыялаў, а пры канцы зайгралі на свой манер адзін з гітоў Вясны-2006 — «Колер маёй рэвалюцыі».

* * *

Вынікі конкурсу фэстывалю «Басовішча-2008»

Прыз ад польскага радыё Беласток (бясплатны запіс у студыі) - Tlusta Lusta

Прыз ад Радыё Рацыя - Spita/\ь F

Прыз ад тэлеканалу Белсат - Tlusta Lusta

Прыз ад Польскага радыё для замежжа — Глюкі

Прыз ад Беларускага аб’яднаньня студэнтаў - Tlusta Lusta

Прыз ад войта гміны Гарадок - Spita/\ь F

* * *

Рэпартажы «Газэты Выборчай» з «Басовішча-2008» і відэа.

* * *

Basovisca. Basowiszcza. Басовишча. Басовище
Фэстываль зьбірае аматараў беларускага року.
Basovisca. Basowiszcza. Басовишча. Басовище
Начныя канцэрты адбыліся зь пятніцу на суботу і з суботы на нядзелю.
Basovisca. Basowiszcza. Басовишча. Басовище
Фэстываль застаецца важным і як конкурс маладых выканаўцаў.
Basovisca. Basowiszcza. Басовишча. Басовище
Танцы на палянцы.
Basovisca. Basowiszcza. Басовишча. Басовище
Сьпіць Гарадок.
Basovisca. Basowiszcza. Басовишча. Басовище
Ахоўнікі змушалі апускаць беларускія сьцягі, бо штандары псавалі якасьць
тэлекарцінкі «Белсату». Прадстаўнік каналу ўдакладніў:
пажаданьне трымаць сьцягі ў руках, а не на дрэўках.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?