04.02.2017 / 20:09

Стась Карпаў. Заўтра для «дзібілішча» 23

Мяне расчароўваюць фільмы пра будучыню. Серыялы пра будучыню. Людзі сучаснасці расчароўваюць мяне бачаннем будучыні. Кожны раз, калі я бачу экранізаванае заўтра, перада мной паўстаюць карціны, дзе карпарацыі зрабілі з людзей паслухмяных ідыётаў, інкубатарскіх рабоў пачварнай сістэмы. Без эмоцый, без памкненняў, без свабоды волі. 

Інкубатарскія рабы жывуць у гарадах, за межамі якіх спаленыя атамнымі выбухамі пустэчы. Людзі рухаюцца на працу стройнымі калонамі, сінхронна перастаўляючы ногі, а ў гэты час над імі разносіцца голас, які расказвае пра планы і дасягненні прэзідэнта / імператара / старшыні рады дырэктараў. На аграменных экранах транслююць поспехі па вырошчванні малюсенькага чэзлага каліўца нейкай там зёлкі, паралельна збіраючы грошы за права дыхаць чыстым паветрам.

Уся гэтая постапакаліптычная лірыка выклікае ў мяне вербалізаваную прозу ў выглядзе: «што, б…?!» 

Усё, што мы ведаем, усё, што мы бачым вакол сябе мусіць нас прывесці да абсалютна іншых высноў. Гэта пару тысяч таму людзі займаліся інфантыцыдам і забівалі нованароджаных дзяўчатак, каб не здохнуць ад голаду ўсёй папуляцыяй. Гэта 500 гадоў таму людзей збіралі на плошчах, каб зачытаць ім «загады». Гэта 100 гадоў таму чалавек знаходзіўся пры канвееры і мог без праблем быць заменены іншым.

Цяпер карпарацыі да кожнага падпаўзаюць на крывой казе, а карыстальнік хоча мець мажлівасць купіць сабе кавалак месяца, не злазячы з унітаза. Карыстальнік слухае лекцыі самага прафесарскага прафесара ў анлайне, разглядае зямны шарык з усіх бакоў, глядзіць, што там наздымаў на чырвонай планеце новы марсаход, ненавідзіць Трампа ці любіць Трампа таму, што!

Чалавек дзеліцца сваімі думкамі, коцікамі і думкамі пра коцікаў з мільёнамі. Чалавек можа слухаць, чытаць, глядзець, падарожнічаць. Цяпер, у адрозненне ад часоў індаарыяў, людзі з голымі сракамі не паляць тысячы гектараў лясоў, каб пару гадоў на гэтым месцы павырошчваць проса і пашкандыбаць далей. Цяпер людзі ваююць усё менш. Жывуць долей, ведаюць болей, дачыняюцца шчыльней. Але, тым не меней, з целека ясна, што ўсё адно нам усім гамон. Ведаеце, чаму? Гамон наперадзе заўсёды маячыць для тых, хто лічыць свет ці спазнаным ці неспазнавальным.

Напэўна, быў такі перыяд, калі гуманітарыі разумелі, як гэта крута, хаця б павярхоўна ведаць анатомію, заалогію, фізіку, хімію і г.д., а фізматы вывучалі філасофію, літаратуру, разбіраліся ў мастацтве. Гэты перыяд быў непрацяглым і я яго не заспеў. 

Нядаўна, чытаючы пра «мітахандрыяльную еву» я з паўгадзіны разбіраўся, што такое, уласна, мітахондрыя і быў гатовы забіць сябе аб падаконнік за тое, што ў школе радасна ківаў башкой, калі настаўнікі казалі нам «вы гуманітарыі, вам гэта не трэба».

Гуманітарыям гэта трэба ў першую чаргу. З іншага боку, «фізматы» любяць грэбліва крывіць вусны, кажучы: «без літаратуры свет не абрынецца. Навошта мне вывучаць літаратуру, калі я збіраюся стаць праграмістам». Ды таму, што ты вырасцеш праграмістам-дзібілішчам, як я вырас дзібілішчам-філолагам. Таму, што ты будзеш лічыць, нібыта свет апісваецца формуламі і што ён укладваецца ў прымітыўныя парадыгмы. Таму, што ты будзеш дазваляць серці ў сваю галаву любым шарлатанам-гуманітарыям, што будуць расказваць пра «правільнае кіраванне персаналам па прынцыпе — «не выдзелвайся, інакш табе не пашанцуе», і нават пра тое, як Сталін «узяў краіну з сахой, а пакінуў з атамнай бомбай». Таму, што чалавек можа жыць без густа, як і без разумення, як працуе лямпачка, але калі у дзіцяці спытаць, «ці хочаш ты вырасці тупенькім», — падазраю, што захочуць не ўсе.

Гуманітарый без базавых ведаў прыродазнаўчых навук вырастае носьбітам сентыментальнага г..на, і лічыць, што свет — такі, які павінен быць з «гуманітарнага» пункту гледжання.

Гуманітарый будзе пафасна фармуляваць максімы пра заганнасць чалавека, пра тое, што «толькі чалавек забівае сабе падобных», пра свет ідэй, у якім усё можна давесці да абсалюту — ад камунізму да мульцікультуралізму. Для яго свет такі, якім ён павінен быць, зыходзячы з уяўлення пра дабро і зло.

Для ўмоўнага фізмата свет ужо ўпарадкаваны, і, значыць, зразумелы, і, значыць, лёгка прагназаваны, і значыць кіраваны ўздзеяннем па формуле.

Для адных свет неспазнавальны, для другіх — спазнаны.

Свет спазнаны, свет неспазнавальны — нам гамон.

Хачу ў школу.

Стась Карпаў

7
Леся / Адказаць
04.02.2017 / 20:25
А почему "дзи..", а не "дзе.."?
11
Henri / Адказаць
04.02.2017 / 20:25
Што гэта было?
8
гарадзенка / Адказаць
04.02.2017 / 20:35
Кожнага расчароўвае такое бачанне будычыні. Але бадай што такая яна і будзе наша далёкая будычыня. Цяпер людзі як бы аддаляюцца ад сябе падобных, замыкаюцца ў сваім маленькім мірку, не жадаюць збірацца і кантактаваць ужывую, бо гэта вымагае высілкай і працы над сабой нават у прыемнай кампаніі. Гэта не тое што ў інтернеце, дзе ў любы момант можна спыніць размову і не трэба нічога тлумачыць і нават у вочы нікому глядзець не трэба. У маім 10-павярховым доме першы раз за 25 гадоў на сустрэчы Новага года не было ніадной кампаніі. Магчыма мы сёняшнія сваёй апатыяй, разгубленнасцю, неупэўненасцю, жаданнем стварыць свой асабісты мірок і нікога туды не ўпускаць і ствараем гэтую жахлівую будучыню.
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру