Міністэрства юстыцыі прапаноўвае прапрацаваць пытанне аб дырэктыўным абмежаванні колькасці праектаў заканадаўчых актаў прэзідэнта альбо аб увядзенні свайго роду кватавання актаў прэзідэнта, якія ініцыятыўна рыхтуюцца дзяржорганамі. Пра гэта гаварылася 3 лютага на пасяджэнні калегіі Мінюста па выніках працы сістэмы міністэрства і задачах на 2017 год, паведамляе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі на партале pravo.by.

У мінулым годзе ў рамках нарматворчай дзейнасці Міністэрствам юстыцыі разгледжана 7.643 дакументы (для параўнання: у 2015 годзе — 7.884), з іх каля 3 тыс. праектаў нарматыўных прававых актаў.

Якасць праектаў, якія распрацоўваюцца дзяржаўнымі органамі, па-ранейшаму застаецца нізкай — 41% праектаў, якія паступаюць у міністэрства, узгадняецца з заўвагамі (без уліку праектаў, якія дапрацоўваюцца з удзелам спецыялістаў Мінюста), праінфармаваў першы намеснік міністра юстыцыі Сяргей Задзіран.

Ён прадставіў удзельнікам калегіі топ-10 недахопаў, якія не дазваляюць забяспечыць якасны прарыў у сферы нарматворчасці. Напрыклад, у спіс увайшла шырокая практыка падрыхтоўкі праектаў актаў прэзідэнта для ўрэгулявання адносін у самых розных сферах грамадскага жыцця, а часам і ў якасці механізму ўзгаднення з прэзідэнтам таго ці іншага варыянту дзеянняў, які знаходзіцца ў выключнай сферы адказнасці канкрэтнага кіраўніка. «Такая практыка патрабуе выкаранення, — перакананы Задзіран. — Наяўнасць некалькіх заканадаўчых актаў па адных і тых жа пытаннях выклікае прававую нявызначанасць, парушае прынцып стабільнасці і сістэмнасці заканадаўства».

Таксама, паводле звестак Мінюста, праблемай стала вялікая колькасць адсылачных нормаў у законапраектах, якая вядзе да прыняцця вялікай колькасці падзаконных актаў. Нараканні выклікае выкарыстанне ў праектах нарматыўных прававых актаў не аднастайнай тэрміналогіі, складаных прававых канструкцый, якія робяць заканадаўства незразумелым для людзей без спецыяльнай падрыхтоўкі.

Не змяншаецца колькасць праектаў нарматыўных прававых актаў, якія вяртаюцца органу-распрацоўшчыку з прычыны парушэння рэгламенту ўрада: прадстаўляюцца праекты, якія не падлягаюць узгадненню з Мінюстам, альбо праекты, якія не ўзгодненыя з усімі зацікаўленымі і без патрэбных дакументаў. Узнікаюць праблемы і ў працэсе ўзгаднення з іншымі нарматворчымі органамі, правядзення экспертызы праектаў нарматыўных прававых актаў.

«Часта распрацоўшчыкі просяць адпрацаваць і ліквідаваць заўвагі ў рабочым парадку. Такая пабудова працы абгрунтаваная, калі заўвагі не носяць канцэптуальнага характару. Аднак часта распрацоўшчык лічыць дапушчальным прадстаўляць праект у сырым, непрапрацаваным выглядзе, лічачы, што яго дапрацоўка пры ўдзеле спецыялістаў Міністэрства юстыцыі — нешта само сабой зразумелае», — прыводзіць Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі словы першага намесніка міністра.

Ён адзначыў, што даходзіць да таго, што распрацоўшчык не мае ўяўлення аб мэтах, сэнсе, механізмах рэалізацыі прапанаваных падыходаў, не можа абгрунтаваць і патлумачыць прычыны, па якіх абраны менавіта прапанаваны выгляд нарматыўнага акта, не кажучы ўжо пра аналіз магчымых наступстваў прыняцця такога дакумента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?