У мінулую пятніцу ў тундры згубіўся чатырохгадовы хлопчык. Бацька паехаў па дровы. Маці выйшла па ваду. Звычайна ненцы прывязваюць дзіцё да адной з жэрдак чума з разьлікам, каб дзіцё не выйшла з жытла й пры гэтым не дабралася да печы. Кажуць, маці трэба было прайсьці па ваду трохі болей за 100 мэтраў. Непрывязанае дзіцё, відаць, выйшла за маці. І пачалася пурга.

Пурга на Поўначы. Ілюстрацыйнае фота murmansk.kp.ru

Да таго, як я патрапіў на Ямал, мне здавалася, што гэнае слова азначае нешта накшталт моцнай завеі, але гэта не зусім так. Надвор'е можа сапсавацца за лічаныя хвіліны, вецер, што зьбівае з ног дарослага мужыка, вые так, што іншых гукаў практычна не чуваць, калі побач чалавек, трэба крычаць яму проста ў вуха, каб ён нешта пачуў, сьнежная крупа балюча сячэ па твары, да таго ж сьнег на твары растае, сьцякае на вочы, зьмярзаюцца вейкі, часам трэба дастаць руку з пальчаткі й растапіць на вейках лёд, каб расплюшчыць вочы, калі вецер у твар — вельмі цяжка дыхаць, адчуваньні, бы на хуткасьці высунуў галаву з машыны, бачнасьць пры моцнай пурзе можа быць нават меньшай за пяць мэтраў, праз пару хвілінаў ніякіх сьлядоў на сьнезе не застаецца, праз адсутнасьць арыенціраў людзі ў пурзе могуць заблукаць проста ў сяле альбо нават незаўважна выйсьці ў тундру, ісьці па сьвежых сумётах вельмі складана, нават калі яны трохі вышэй за костку, а часам сумёты намятае па калена, і ў пояс. Такое надвор'е можа пратрымацца дзень, а можа тыдзень.

Мінулая пурга з кароткімі перапынкамі цягнулася амаль тыдзень, а вецер дасягаў 28 м/с (трохі болей за 100 км/г). Нават дарослы чалавек ня меў б аніякага шанцу застацца жывым. Аднак вельмі хацелася верыць у нейкі звышнатуральны цуд. На жаль, цудаў не бывае. Нежывога хлопчыка знайшлі ў трох км ад жытла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?