Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў эфектыўнасць працы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Адпаведныя заявы ён зрабіў сёння на нарадзе па аптымізацыі Адміністрацыі прэзідэнта.

«Патрабуецца аб'ектыўная ацэнка дзейнасці Акадэміі кіравання (дарэчы, ацэнку я ўжо даў). Калі ласка, выконвайце і не зацягвайце. Калі цяперашняе кіраўніцтва Акадэміі кіравання не разумее, што рабіць, яго трэба неадкладна замяніць. Туды яно было і накіравана для таго, каб правесці нармальную працу», — заявіў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у Акадэміі кіравання ўдасканаленне працы неабходна пачынаць з адукацыйных праграм. «Трэба паглядзець, каго мы там будзем рыхтаваць, і пад іх рабіць праграмы. Туды павінны трапляць толькі перспектыўныя будучыя дзяржаўныя служачыя, якія заўтра будуць запатрабаваныя, — сказаў беларускі лідар. — А вы прааналізуйце, колькі там атрымалі адукацыю людзей, якія заўтра наогул на пенсію сыходзяць. Яны як былі ў гэтых пасадах, так і засталіся. Навошта мы туды іх накіроўваем, які сэнс у гэтым?»

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што атрыманне адукацыі ў Акадэміі кіравання не павінна быць расцягнутым, аднак будучы кіраўнік павінен атрымліваць максімум неабходных ведаў. «Ён адтуль павінен выйсці з добрым веданнем замежнай мовы. Гэта ж не справа, што сёння дзяржслужачыя праз перакладчыка кантактуюць са сваімі аднагодкамі за мяжой, экспертамі і іншымі. Пэўныя веды юрыспрудэнцыі, асабліва эканомікі. Ну і кіраванне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Адбор у Акадэмію кіравання з гэтага года павінен быць пастаўлены на самы высокі ўзровень. Можа быць, нават як мы прызначаем кадры, з улікам рэкамендацый. З кадравага рэестра ці ж па вертыкалі - райвыканкам, аблвыканкам і іншыя органы вызначыць, якія будуць накіроўваць туды людзей і несці за гэта адказнасць», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?