У Мазырскім раёне 5 лютага затрымалі мужчыну, які выдаваў крадзенае парася за сабаку. Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, вечарам нарад ДАІ Мазырскага РАУС патруляваў вёску Прудок. Рух быў малалікім, і ўвагу супрацоўнікаў прыцягнуў мужчына, які няўпэўнена ішоў па абочыне і цягнуў за сабой санкі з мяшком.

В'етнамскае парася. Ілюстрацыйнае фотаhrunya.ru

«Калі падарожнік параўняўся са службовым аўтамабілем, супрацоўнікі ўбачылі перад сабой маладога хлопца, які быў добра нападпітку. Дзяржаўтаінспектар пацікавіўся, якую паклажу той вязе. Суразмоўца адказаў, што ў мяшку сабака. «Барбос» у гэты момант стаў варушыцца і рохкаць. Міліцыянты падышлі да санак, развязалі мех, а з яго высунуўся пятачок в'етнамскага парасяці. Да затрыманага адразу паўстаў шэраг пытанняў, на якія той толькі змог сказаць, што жывёла ляжала на дарозе, вось і вырашыў узяць з сабой, каб не замерзла», — сказаў Прыстромаў.

Дзяржаўтаінспэктары затрымалі хлопца з жывым грузам і накіраваліся шукаць уладальніка жывёлы. Неўзабаве яны выявілі, дзе жыве гаспадар парасяці, і паехалі да яго дома.

«45-гадовы мясцовы жыхар, убачыўшы сваё парася, моцна здзівіўся. Аказалася, што ён трымае ў хляве двух в'етнамскіх свіней. Буйную асобіну злодзей не крануў, а тую, што менш, змог запхнуць у мяшок і вывезці на санках. Гаспадар нават не падазраваў, што зламыснік залез да яго ў гаспадарчую пабудову», — адзначыў прадстаўнік УУС.

Па факце крадзяжу распачатая крымінальная справа, падазраваны, раней судзімы за крадзеж, затрыманы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0