45 удзельнікаў грамадскіх слуханняў, якія правяла кампанія «Гавары праўду» 7 лютага ў Мінску, падпісалі персанальныя звароты да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем прызнаць, што дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» страціў сілу.

У дакуменце адзначаецца, што ў Беларусі залішняя працоўная сіла складае прыкладна 700 тысяч чалавек. «Няма дзе людзям у Беларусі працаваць, няма дзе! І Вам, як кіраўніку дзяржавы, трэба было б радавацца, што гэтыя грамадзяне не бяруць штурмам урад з патрабаваннем даць ім альбо працу, альбо дапамогу па беспрацоўі, павялічаную хаця б да 300 рублёў. Вам бы радавацца, што яны абыходзяцца без падачак ад дзяржавы, зарабляюць. Хто ў Польшчы, хто ў Расіі, хто яшчэ дзесьці і неяк, а Вы злуецеся на іх і падпісваеце дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», — гаворыцца ў звароце.

Удзельнікі слуханняў падкрэсліваюць, што дэкрэт не толькі парушае Канстытуцыю, але і пазбаўлены «простага здаровага сэнсу». «Не варта раздражняць сваіх суграмадзян падобнымі ініцыятывамі ў сітуацыі сацыяльна-эканамічнага крызісу, які невядома калі будзе пераадолены. Адмяніце дэкрэт № 3, спадар прэзідэнт! Не праз год-два, а цяпер. Прызнайце, што ён страціў сілу. З меркаванняў грамадзянскай згоды і папярэджання сацыяльнага напружання. Так, аўтары дэкрэта кажуць пра выдуманае утрыманства, а я — пра справядлівасць і неабходнасць пазбегнуць непатрэбнага напружання ў грамадстве», — гаворыцца ў персанальным звароце.

Таксама ўдзельнікі грамадскіх слуханняў прынялі зварот да Палаты прадстаўнікоў, у якім просяць дэпутатаў накіраваць у Канстытуцыйны суд запыт аб праверцы дэкрэта № 3 на прадмет яго адпаведнасці Канстытуцыі.

Акрамя таго, удзельнікі слуханняў звярнуліся да структурных падраздзяленняў грамадскіх аб'яднанняў Беларусі ў рэгіёнах, каб яны арганізавалі масавую кампанію індывідуальных і калектыўных зваротаў у мясцовыя органы выканаўчай улады з патрабаваннямі адмены дэкрэта № 3.

«Толькі сумеснымі намаганнямі — актыўнымі і масавымі — мы зможам аднавіць справядлівасць і спыніць пакаранне дзяржавай тых людзей, якія па віне дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі засталіся сёння без працы і годнага заробку», — гаворыцца ў звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?