Карацей, прыйшоў ўчора да мяне на старонку «трэці шлях». Гэта быў хлопчык гадоў дваццаці, які заявіў, што ўсе «змагары» — «пасмешышча», што «пры ўсёй нелюбові да ваты, змагары яшчэ больш маргінальныя», што «змагары маюць фетыш тыпу мовы, сімволікі і г.д. і ствараюць з іх квазіідэалогію» і таму такія хлопчыкі і дзяўчынкі, як ён — гэта трэці шлях. Больш хлопчык нічога цікавага не сказаў, але я такі прыйшоў да высновы, што сапраўды ў нас ёсць цэлая секта «сведкаў трэцяга шляху», пра якіх можна напісаць падрабязней.

Сведкі трэцяга шляху сустракаюцца паўсюль, акрамя афлайну, і навукоўцам яшчэ трэба будзе высветліць, у чым прычына іх найвышэйшай канцэнтрацыі на «анлайнеры» ў раздзеле ДТЗ, нерухомасць, польскія візы і барахолка.

Самаідэнтыфікуюць сябе яны звычайна як «не вата і не змагары». Такім чынам, ім падаецца, што ў сцвярджэнні таго, чым яны не з'яўляюцца — нейкая асаблівая крутасць. У прынцыпе, гэта дастаткова перспектыўны спосаб самаўсведамлення, бо на бязрыб'і можна абмеркаваць, што мы — не бублікі, мы — не петлі мёбіуса і не акіянічныя платформы Алана Маска.

Шляхоў сведкі трэцяга шляху бачаць усяго два. Першы — гэта шлях ваты, другі — шлях змагароў. Пры гэтым, калі спытаць, хто такі змагар — яны кукожацца і тарахцяць нешта тыпу «нутыісампанімаеш». Трэці шлях ім не бачны, бо лічыцца, што сведкі на ім і сядзяць, а сам шлях прыкольны тым, што наогул не патрабуе па ім ісці. За тое прыгожае сядзенне дазваляе бясконца фармуляваць уласную значнасць. Яны любяць называць сябе рупарамі большасці, і кожны гатовы выказвацца ад імя усіх беларусаў, хаця на форумах «сведкі» бясконца сруцца, падазраючы адзін аднаго ў «папяццотніцтве», а ў сацсетачках не умеюць гуртавацца ў групы болей «за сябе і брацюню», які і пакідае раз на год па адным лайку пад пастом «пра трэці шлях»

Усё ў свеце яны называюць «квазі» і «псеўда», хаця калі ім скажаш, што «сапраўднае — гэта калі у нас, а квазі — гэта калі у іх», — яны не пагаджаюцца (хаця так і лічаць) і кажуць, што «ёсць дакладнае размежаванне», якое, праўда, як і ўсё дакладнае, што ведаюць — не прыводзяць.

«Змагароў» уяўляюць адным чалавекам, які раз на дзень робіць на «сваіх сайтах», якія аб'яднаныя ў «Хартыю'97», нейкі ідыёцкі камент пад ідыёцкім артыкулам, які сам жа апублікаваў, а пасля плюе ў партрэт Лукашэнкі і ідзе на плошчу, дзе яго чакае мент, каб пабіць і аштрафаваць на радасць змагару.

Сведкаў трэцяга шляху болей за ўсё нярвуе няправільнасць чужых шляхоў, якія складаюцца з няправільных пачуццяў, аб'ектаў любові і сілапрымянення.

Пакуль змагар нешта любіць ці нешта не любіць, сведка трэцяга шляху ацэньвае любоў і нелюбоў змагара. Інакш кажучы, пакуль змагары загараюць голымі, сведка трэцяга шляху сядзіць у кустах, назіраючы за змагаром, і абы-чым займаецца. Сведку трэцяга шляху не сказалі, што абы-чым у кустах — гэта шлях зусім не новы і што «сведка» проста намарна цярзае сваё бледнае цела.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?