11 лютага ў 13:30 на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе пройдзе прэзентацыя выдання казкі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» ў перакладзе на беларускую мову. Падзея адбудзецца на Цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» (пр. Пераможцаў, 14) пры падтрымцы Амбасады Вялікабрытаніі ў Мінску.

Вялікабрытанія — пачэсны госць сёлетняй выставы. Сусветна вядомая казка Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» — адзін з самых загадкавых твораў класічнай літаратуры Вялікабрытаніі, які ўжо другое стагоддзе вабіць як дзяцей, якім ён непасрэдна прызначаўся, так і дарослых.

У новым выданні змешчаны пераклад казкі, выкананы Верай Бурлак (у свой час ён быў адзначаны прэміяй часопіса «ПрайдзіСвет»).

Больш за 100 арыгінальных ілюстрацый Кацярыны Дубовік суправаджаюць у падарожжы ў Залюстэркавы свет і дазваляюць адчуць сябе ўдзельнікам фантастычнай гульні — шахматнай партыі, разыгранай Льюісам Кэралам. Сучасная мастачка Кацярына Дубовік — уладальніца прэміі імя Цёткі за найлепшае афармленне дзіцячай кнігі (Н. Ясмінска, «Сем ружаў», 2015).

Кніга выйшла ў выдавецтве «Галіяфы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0