Убачыўшы патрульную машыну супрацоўнікаў АДАІ Пухавіцкага РАУС, вадзіцель аўтамабіля ВАЗ‑2106, які ехаў каля дзевяці гадзін вечара па дарозе Голацк—Зазер'е, рэзка затармазіў, даў задні ход і зьвярнуў паблізу вёскі Яснае на палявую дарогу.

Тое, як кіроўца адрэагаваў на зьяўленьне патруля, прымусіла праваахоўнікаў пачаць прасьледаваньне ўцекача: уключыўшы пробліскавыя маякі і гукавы сыгнал, яны спрабавалі спыніць машыну, аднак дарэмна — невядомы на вялікай хуткасьці нёсься па вёсцы. Паводле зьвестак аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Менаблвыканкаму, пасьля таго, як вёска засталася ззаду, вадзіцеля зноў паспрабавалі прывесьці да розуму: яго неаднаразова папярэджвалі аб неабходнасьці спыніцца, але і гэтыя спробы не далі выніку. Давялося праваахоўнікам прымяніць зброю: пасьля таго, як парушальнік не адрэагаваў на два папераджальныя стрэлы ўверх, інспэктар ДПС ДАІ зрабіў чатыры прыцэльныя па колах аўтамабіля з табельнай зброі.

У выніку задняе правае кола аўтамабіля ўцекача было пашкоджанае, але ён праехаў на спушчанай шыне яшчэ два кілямэтры.

Як высьветлілася, за рулём аўто знаходзіўся 19‑гадовы юнак, які ня меў вадзіцельскага пасьведчаньня й кіраваў машынай бацькі.

Паводле: Ігар Грышын, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0