12.02.2017 / 17:47

Беларускія стартаперы распрацавалі канцэпцыю дадатку для спатканняў «Абодва» — гутарка 15

Праграмы, дадаткі і гульні, якія маюць беларускія карані, усё часцей трапляюць на вяршыню сусветных рэйтынгаў. Чацвёра стартапераў сабраліся перакуліць свет праграмай «Abodva». Каманда з чатырох чалавек збірае грошы на стварэнне мабільнага дадатку, які дапаможа знайсці сваё каханне.

Паглядзіце іх прэзентацыйны ролік на беларускай мове:

Арганізатар праекта — Максім Русаковіч, ён вучыцца ў аспірантуры БДЭУ. Дзяніс Красцынін — праграмны распрацоўшчык.

Дзяніс Красцынін (злева) і Максім Русаковіч.

Асноўная ідэя дадатку — пошук і знаёмства не па фатаграфіях, а па відэа. Рэгістрацыя ўсіх карыстальнікаў ажыццяўляецца пасля далучэння сямісекунднага відэавітання. Прынцып просты: знаходзіце чалавека, бачыце відэавітанне, пішаце паведамленне і сустракаецеся.

НН: Як узнікла ідэя стварэння?

Максім: Нягледзячы на сваю спецыяльнасць, я заўсёды цікавіўся рознымі дадаткамі, стварэннем сайтаў. Калі я паступіў ва ўніверсітэт, быў сарамлівым хлопцам, таму звычайна знаёміўся ў інтэрнэце. А праблема знаёмстваў праз інтэрнэт такая: чалавек не заўсёды выглядае, як у сеціве. Калі браць дадаткі Badoo, Tinder, то там проста неймаверная колькасць фэйкаў, якія выдаюць сябе за іншых людзей.

Дзяніс: Стварыць прыгожы профіль можна каму і як заўгодна. Я думаю вы самі заўважалі, што нават профілі ў фэйсбуку часта не супадаюць з рэальнымі поглядамі і выглядам чалавека. Калі Максім распавёў сваю ідэю, я сапраўды пабачыў у гэтым сэнс. Таму вырашыў дапамагчы тэхнічна ажыццявіць канцэпцыю.

Рэгістрацыя ў дадатку адбываецца за 5 крокаў.

НН: Але ці кожны адважыцца запісаць самапрэзентацыйнае відэа?

Максім: Мы і робім гэта для таго, каб людзі не сароміліся сябе паказаць. Каб людзі сталі самастойнымі, моцнымі і ў перспектыве гаварылі ўсім, што паспяхова пазнаёміліся на «Abodva». І плюс, вы можаце не баяцца, што ваш профіль могуць скапіяваць, ці наадварот, вам будуць пісаць несапраўдныя людзі. У нас створана даволі жорсткая сістэма праверкі акаўнтаў, якую будуць выконваць сапраўдныя людзі, а не праграма ці нейкі код. І таксама, каб пазбегнуць спам-ботаў, пасля запісу кожнага відэа чалавек будзе ўводзіць код, тым самым пацвярджаючы, што ён сапраўдны чалавек.

НН: На сёння ці гатовы да карыстання ваш дадатак?

Максім: Не, таму мы ў хуткім часе запусцім краўдфандынгавую кампанію на пляцоўцы «Indiegogo». Для таго, каб цалкам дарабіць «Abodva», нам патрэбныя дадатковыя праграмісты. Зараз у нашай камандзе дызайнер і лінгвіст. У нас ёсць пэўныя складанасці, і $20 тысяч, якія мы хочам сабраць, дапамогуць нам дарабіць дадатак. Пасля збору грошай мы плануем запусціць «Abodva» на платформу Android.

НН: А чаму менавіта на замежнай краўдфандынгавай пляцоўцы?

Максім: У нас, на жаль, людзі яшчэ не зусім звыклі даваць грошы на праекты, якія знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі. За мяжой гэта больш папулярна, і ставяцца да гэтага прасцей.

Дзяніс: Тут яшчэ важна, што мы хочам атрымаць пэўную зваротную сувязь. І на міжнароднай пляцоўцы яе можна атрымаць нашмат больш. Я сачыў за расійскім дадаткам для знаёмстваў «Badoo» і тым, у якой краіне іх дадатак найбольш папулярны. Вы не паверыце, але самая вялікая колькасць карыстальнікаў у Лацінскай Амерыцы! Таму не заўсёды самая вялікая доля зваротнай сувязі прыходзіць менавіта з краіны стварэння праграмы.

НН: Колькі грошай вы патрацілі на распрацоўку «Abodva»?

Максім: Усё зроблена сваімі рукамі. Пакуль у нас няма свайго офіса, мы ўсе рэсурсы расходуем вельмі ашчадна. Таму ўсе грошы, якія мы збярэм, мы патрацім на праграмістаў, якія дапамогуць нам дарабіць дадатак.

НН: Як збіраецеся зарабляць пасля выхаду дадатку?

Максім: У нас ёсць пэўнае абмежаванне на колькасць паведамленняў, якую можна адпраўляць за дзень. Людзям, якія спадабаюцца карыстальніку, за дзень можна адправіць сем паведамленняў. Калі карыстальнік жадае адпраўляць больш, можа купіць пакеты на месяц, тры ці нават шэсць з безлімітнай магчымасцю адпраўляць паведамленні. Пры гэтым усіх удзельнікаў краўдфандыгавай кампаніі чакаюць узнагароды ў выглядзе доступу да неабмежаваных паведамленняў на пэўную колькасць дзён у залежнасці ад сумы.

НН: Існуе стэрэатып, што пасля таго як чалавек знаходзіць сабе партнёра, яны спыняюць ці менш карыстаюцца дадаткамі для знаёмстваў. Як будзеце ўтрымліваць аўдыторыю?

Дзяніс: Насамрэч не. Я бачыў статыстыку, дзе напісана, што ў такіх выпадках акаўнт становіцца менш актыўным, але ўсё роўна час ад часу выкарыстоўваецца. Відаць, тайна ад партнёра… (смяюцца). Таму не думаем, што такая праблема будзе.

НН: Сярод моваў дадаткаў у вас пазначаныя беларуская, руская і англійская. Чаму вы вырашылі надаць столькі ўвагі роднай мове?

Максім: Англійская мова міжнародная, руская — для рускамоўнай аўдыторыі і беларуская мова як родная. Сам жа праект мае беларускамоўную назву, праект зроблены беларусамі, але для ўсяго свету. Беларусь з кожным годам усё болей падымаецца ў рэйтынгу IT-паслуг. Калі параўнаць Беларусь з Расіяй, то мы апярэджваем іх у гэтай сферы ў 4 разы. У нас ствараюцца добрыя ўмовы на базе Парку высокіх тэхналогій. І мы спадзяемся, што наш беларускі дадатак ацэняць не толькі за мяжой, але і ў нас.

Мікіта Недаверкаў, фота Ірыны Арахоўскай

27
Мікола / Адказаць
12.02.2017 / 18:17
беларусы -- цнатлівае нацыя, бл№дзцтва ў нас не ў крыві таму стартап не стрэльне йо !
4
Мара / Адказаць
12.02.2017 / 18:59
Поспехаў стартаперам!
3
Алесь / Адказаць
12.02.2017 / 19:04
Малайцы хлопцы! Канкрэтнай справай займаюцца і любяць сваю мову і краіну! Стартап магчыма стрэльне ў Іспанска-партугальскай Амерыцы, Кітаі, Індыі (у апошніх краінах праблема з недахопам жанчын). Калі будзе просты і прывабны, то і сярод маладых беларускамоўных будзе папулярны, бо карыстальнік хутка знойдзе сабе блізкага па мове чалавека. Поспехаў, хлопцы!
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру