14.02.2017 / 13:00

Краме нацыянальных рэчаў «Дарэчы» ўжо год. Поспехі і планы 19-гадовага бізнэсмена ФОТЫ

«Наша Ніва» ўпершыню заўважыла цікавую краму з нацыянальнымі рэчамі і яе маладога ўласніка летась у маі. Тады для Вадзіма гэты бізнэс быў своеасаблівым эксперыментам, спробай ацаніць попыт на нацыянальныя рэчы. Сёння хлопец адзначае, што ўсё больш людзей не праходзяць міма і абіраюць сабе ды іншым падарункі з беларускай сімволікай.

З нагоды дня нараджэння крамы мы папрасілі Вадзіма падвесці вынікі і падзяліцца планамі.

НН: Як прайшоў год? Што найбольш куплялі?

Вадзім: Нягледзячы на ўсе цяжкасці, год прайшоў паспяхова. Я заўважыў, што нашы людзі прыглядаюцца да цэннікаў і для кагосьці сума, большая за 25 рублёў, ужо істотная. Таму самымі хадавымі таварамі года сталі саколкі з «Пагоняй», вышымайкі, кубкі, куфлі… 

НН: Што табе найбольш запомнілася за час працы крамы?

Вадзім: Найбольш уразілі рэакцыі людзей. Мясцовыя гандляры падыходзілі і пыталіся, як мне дазволілі ўсё гэта прадаваць. А калі пасля публікацыі пра мяне ў «Нашай Ніве» людзі пачалі прыходзіць амаль кожны дзень, то ўвогуле перасталі разумець, што адбываецца. Але ставіліся да гэтага вельмі станоўча, можна нават сказаць, што яны былі не столькі ўражаныя, колькі прыемна здзіўленыя.

НН: Цяпер, калі азірнуцца, як мяркуеш, ці цяжка было ўсё гэта запусціць?

Вадзім: Вельмі цяжка, але з дапамогай майго бацькі ў нас усё атрымалася. Мы абодва ўпарта працавалі, і я вельмі ўдзячны лёсу, што крама існуе і пакуль няма ніякай прычыны спыняцца. Калі ёсць імпэт, калі табе падабаецца тое, што ты робіш, заўсёды хочацца працягваць рабіць гэта і далей. У дадатак, гэта пакуль што настолькі не асвоеная ніша, што можна яшчэ шмат усяго рабіць.

НН: Што паўплывала на такую папулярнасць беларускай сімволікі, арнаменту?

Вадзім: Мне падаецца, у беларусаў гэта заўсёды было ў думках. Ведаеце, гэта як з беларускай мовай: я сам яе раней не так добра ведаў, але заўсёды было адчуванне, што гэта ў мяне ўнутры, што гэта маё, толькі не хапала рашучасці. Таму людзям гэта трэба паказваць. Пры патрэбе — распавядаць гісторыю гэтых сімвалаў, каб яны адчувалі, што гэта ўсё наша, не чужое. Па-другое, я мяркую, што ў дзяржавы ўсё ж змянілася стаўленне да нацыянальнай сімволікі і зніклі многія стэрэатыпы.

НН: Беларусы часцей купляюць для сябе ці ў падарунак? І якога ўзросту звычайна пакупнікі?

Вадзім: Я б сказаў, што каля 30% продажаў — гэта падарункі. Астатнія 70% бяруць для сябе. Наконт узросту, то прыходзяць вельмі розныя людзі. Часам — школьнікі з 23-й гімназіі, часам — студэнты, ёсць і дарослыя, і пажылыя людзі. Памятаю, прыйшла да мяне бабуля, якой унучка з ЗША замовіла розных падарункаў з нацыянальнымі сімваламі. Унучка яе ніколі не была ў Беларусі, але яе бацькі — беларусы, таму і было натуральнае жаданне пазнаёміцца з культурай. Дык там цэлы спіс пакупак быў! Цяпер, напрыклад, многія прыходзяць па падарункі.

НН: Што ў далейшых планах? 

Вадзім: Шмат думак, ідэй. Можа, штосьці зробім да Дня закаханых. Прыходзьце са сваімі другімі паловамі, пазнаёмімся і дамовімся. Мы прагнем рабіць тое, чаго яшчэ няма ў Беларусі і тое, што павінна быць. У нас першых, напрыклад, з’явіліся капелюшы для лазні. Мы адкрытыя да любых прапаноў, ідэй. У любым выпадку, на нашым сайце можна сачыць за тым, якія новыя рэчы будуць з’яўляцца.

Навінкі, якія вы можаце набыць у краме «Дарэчы»:

Вось такія саколкі можна набыць цяпер за 20 рублёў. Ёсць розныя колеры і варыяцыі.

Візітоўніца.

Нататнікі з драўляным апраўленнем.

Скураны гаманец.

Сцяжкі розных краін.

ІП Макей Вадзім Уладзіміравіч УНП 192588587

Мікіта Недаверкаў, Ірына Арахоўская