10.02.2017 / 22:52

«Пасля адкрыццяў, якія зрабіў Лаўрэш, пра Мураванку можна складаць вершы» 9

Пра кнігу Леаніда Лаўрэша «Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс», якая выйшла сёлета, піша доктар гістарычных навук, прафесар Святлана Марозава.

Спачатку — пра гісторыкаў, краязнаўцаў і старажытныя храмы.

Неяк я збірала матэрыялы пра гісторыкаў Гродзеншчыны. У гэтым мне дапамагаў Леанід Лаўрэш. Трэба было чуць, з якім навуковым натхненнем і ўпэўненасцю ён заявіў: «Я адкрыў імя новага краязнаўцы Лідчыны. Гэта — Леў Савіцкі». Напэўна, гэта было падобна на тое, як даследчык, зрабіўшы сенсацыйнае адкрыццё, ускліквае: «Эўрыка!».

У хуткім часе пра Льва Савіцкага — маламажэйкаўскага святара, што пражыў 90 гадоў, з якіх 63 гады (з 1863 па 1926) прысвяціў сваёй царкве, — давялося пачуць на адной з навуковых канферэнцый. Гэта сапраўды было новаадкрытае імя ў гісторыі нашага краю. Мураванкаўскі храм-крэпасць, пра які з кнігі ў кнігу перакачоўвала адна і тая ж інфармацыя, пачынаў набываць новыя навуковыя абрысы.

У 2013 годзе прыйшло запрашэнне ўзяць удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі «З гісторыі Супрасльскага манастыра ў XVI—ХХ ст.» у Польшчы. Спачатку я не ўяўляла, што можна два дні групе даследчыкаў (а было каля двух дзясяткаў выступоўцаў з розных краін), гаварыць пра адзін манастыр, хай сабе і з пяцісотгадовай гісторыяй? На канферэнцыі стала зразумела, што грунтоўнае навуковае асэнсаванне феномена Супрасля толькі пачынаецца.

Але здзіўленні на гэтым не скончыліся. Супрасльскую царкву і манастыр раскручвае ў навуковым сэнсе цэлая група даследчыкаў з шэрагу краін. А тут адзін лідскі краязнавец, Леанід Лаўрэш, бярэцца пісаць кнігу (не артыкул!) пра сястру Супрасля — Маламажэйкаўскую царкву-крэпасць з пяцісотгадовай гісторыяй. Здавалася, дзе ён столькі інфармацыі пра яе возьме? Не кожны вопытны гісторык рызыкне гэтым заняцца.

І вось мы маем вынік гэтай скрупулёзнай, няпростай, адказнай і патрэбнай нашаму краю працы. Фактычна, Леанід Лаўрэш даў прыклад і, у пэўнай меры, узор навуковага мікрагістарычнага даследавання на матэрыяле адной царквы. Як будаўнік цаглінка да цаглінкі стварае будынак, так і даследчык факцік да факту ўзводзіць гісторыю адной з найславутых святынь Беларусі. Гэтыя факты, якія гадамі збіраліся ім з архіўных і апублікаваных крыніц (у тым ліку з архіваў Беларусі, Літвы, Расіі), з літаратуры і выбудаваныя ў лагічна-храналагічнай паслядоўнасці, разам з аўтарскай аналітыкай, аргументацыяй, назіраннямі і высновамі далі ўнікальную ў сваім родзе працу.

Старонка за старонкай мы гартаем кнігу гісторыі Маламажэйкаўскай царквы даўжынёй у 500 год. Мы знаёмімся з падзеямі і людзьмі: уладальнікамі Мажэйкава, «калятарамі» царквы (дабрадзеямі і самадурамі), са шматлікімі прэтэндэнтамі на сам храм і яго маёмасць, рэліквіі, землі. З дзяржаўнымі мужамі і мясцовымі чыноўнікамі, ад якіх залежаў лёс храма. Перад намі праходзіць цэлы шэраг прадстаўнікоў духоўнага саслоўя: ад вышэйшых царкоўных іерархаў да шараговых святароў. Дарэчы, Лаўрэш аднавіў імёны ўсіх настаяцеляў храма, пачынаючы з сярэдзіны ХVII ст..

Гісторыя Маламажэйкаўскай царквы — гэта не роўнае поле, як спачатку можа падацца. На старонках гісторыі храма і на яго сценах, у яго падзямеллях, на могілках, у мясцовых паданнях — раны войнаў, вандалізм мясцовых Неронаў, ахвяры рэпрэсій. Не аднойчы бушавалі людскія жарсці вакол гэтай святыні.

Кніга Лаўрэша — гэта не звыклы нам краязнаўчы нарыс. Чым далей чытаеш, тым больш разумееш веліч і трагізм нашай мінуўшчыны (аж да бальшавіцкай расправы з сынамі і ўнукам згаданага Савіцкага). Пасля адкрыццяў, якія зрабіў аўтар кнігі, пра Мураванку можна складаць вершы і пісаць ледзь не дэтэктыўныя раманы.

Хай сабе і ёсць ў напісанай Лаўрэшам кнізе гісторыі Маламажэйкаўскай царквы «белыя плямы» і незапоўненыя радкі, што тлумачыцца станам базы крыніц па тэме, мы атрымалі цэласнае даследаванне пра храм. Яно адпавядае сучаснаму ўзроўню ведаў, яно будзе цікавым і карысным гісторыкам, спецыялістам па культуры, духавенству, аматарам мінуўшчыны, прыхаджанам і гасцям гэтай шанаванай святыні.

0
Юрась з пад Кракава / Адказаць
10.02.2017 / 23:46
А дзе можна будзе набыць кнігу?
0
Дзядьзька ў Вiльнi / Адказаць
11.02.2017 / 01:20
Маламажэйкаўская, мяркуючы па малюнку, на Сынкавiцкую вельмi падобная. Храмы абарончага тыпу - перлiны старадаўняга дойлiдства. I вось будавалася жа, прыгожа i своеасаблiва, i абарончыя царквы, i асаблiва неагатычныя. А цяпер як дзе будуюць - адно гмахi здаравенныя, няўтульныя з цыбулямi наверсе. Анiякага iмкнення прыўнесьцi ў праект штось нацыянальнае, каларытнае. Няхай сучасныя архiтэктары гэтую кнiгу вывучаць. Мо хаця штосьцi зразумеюць. Ну а пра аўтара, Лаўрэша, цiкава было'б болей даведацца. Людзей такiх апантаных ня шмат.
0
н.м. / Адказаць
11.02.2017 / 07:10
Ганаруся знаёмствам (хай сабе трохі аднабаковым) з Лёнем Лаўрэшам. Лёня, калі чытаеш гэта - сярод лідскіх краязнаўцаў становішся недзе поруч з Міхалам Шымялевічам... Посьпехаў.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру