Фота: pvlida.by

У 90-я гг. Шчурко ўзначаліў аб'яднанне «Ахова» пры МУС. У 2001 годзе быў прызначаны першым намеснікам міністра ўнутраных спраў, курыраваў міліцыю грамадскай бяспекі і спецыяльную міліцыю. Пазней яму дадалі паўнамоцтвы начальніка крымінальнай міліцыі.

У 2007 годзе Аляксандр Шчурко быў папярэджаны указам прэзідэнта аб няпоўнай службовай адпаведнасці. Падставай паслужылі хібы па своечасоваму выкрыццю і спыненні злачыннай дзейнасці былога камандзіра роты Гарадзенскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Сяргейчыка, які здзейсніў шэраг наўмысных забойстваў і іншых цяжкіх злачынстваў.

Праз год Шчурко засвяціўся ўжо ў «дачным скандале» з удзелам сілавікоў. Паводле слоў Лукашэнкі, «10 высокапастаўленых службовых асоб МУС наўмысна пайшлі на парушэнне заканадаўства, каб атрымаць зямельныя надзелы ў Мінскім раёне амаль задарма».

Неўзабаве пасля гэтага ўсе яны, у тым ліку і генерал-маёр міліцыі Аляксандр Шчурко, былі вызваленыя ад сваіх пасадаў.

У 2009 годзе Аляксандр Шчурко уладкаваўся намеснікам начальніка транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.

І вось нядаўна ён «усплыў» у групе кампаній ARVI вядомага літоўскага бізнэсмена Відмантаса Кучынскаса. Гэтая структура аб'ядноўвае больш за 20 прадпрыемстваў у Літве, Латвіі, Расіі, Румыніі, Украіне, Харватыі. Аляксандр Шчурко прадстаўляе інтарэсы ARVI ў Беларусі, узначальваючы назіральную раду яе беларускай «дачкі» — «Арвібелагра».

На пачатку гэтага года ARVI запусціла ў Лідскім раёне прадпрыемства па перапрацоўцы мяса індычкі магутнасцю каля 5,5 тыс. тон за год. У комплексу не толькі завод па забою і перапрацоўцы мяса, але і фермы для маладняку i адкорму птушкі.

Да гэтага літоўскай кампаніяй быў пабудаваны завод па перапрацоўцы адходаў жывёльнага паходжання. Агульны аб'ём інвестыцый склаў каля 50 млн еўра, каля 70% з якіх складаюць крэдыты «БПС-Ашчадбанка».

У 2018 годзе «Арвібелагра» у мэтах далейшай рэалізацыі праекта плануе ўвесці ў эксплуатацыю камбікормавы завод.