Гэта меркаванне маладога спецыяліста, які адпрацаваў па размеркаванні. І гэты спіс — маленькая частка назіранняў і гісторый, часам абсурдных, часам смешных, якія з’яўляліся ў нататніку падчас размеркавання ў адной з беларускіх раёнак. Той самы момант, калі ты прыязджаеш у правінцыю з рамантычным настроем падымаць прэсу з кален, і не заўважаеш, як на калены ставяць цябе.

Арыентацыя не на чытача, а на выканкам

Ты можаш прапаноўваць геніяльныя і не вельмі тэмы матэрыялаў і, магчыма, пра штосьці табе нават дазволяць напісаць. Але вельмі лёгка, па адным званку з райвыканкама (аблвыканкама і г. д.) твой тэкст здымаюць з паласы. Так было, напрыклад, з добрым расследаваннем пра махінацыі на заводзе малака. Так і не ўбачыў свет тэкст, дзе выразна тлумачылася, чаму гораду ўжо даўно патрэбен яшчэ адзін дзіцячы сад. Затое ўсе ведаюць, колькі збожжа намалацілі за тыдзень і хто атрымаў чарговыя прэзідэнцкія стыпендыі.

Менавіта прадстаўнік выканкама, а не рэдактар, вырашае, што можа «вісець» на сайце, а што не. Нават, калі рэч ідзе пра фотаздымак, дзе ў першага «непрыгожы» нос.

Крок налева — «расстрэл»

Ты ўвесь час трошкі «на шухеры». Калі, вядома, табе важна захаваць за сабой працоўнае месца. Мае рэплікі і меркаванні ў сацсетках, напрыклад, маніторыліся, і калі адна з калег знайшла там занадта «фрывольнае» — яна зрабіла скрыншоты і раздрукавала іх. Потым калектыў абмяркоўваў, ці трэба мяне пакараць.

Да маладога спецыяліста ў госці абавязкова завітае супрацоўнік КДБ з прапановай «паслужыць» радзіме. Асабіста мяне неяк прасілі ўладкавацца ў апазіцыйную газету, каб разнюхаць, што яна рыхтуе да перадвыбарчай кампаніі.

Маркетынг? Не, не чулі

Пра тое, што трэба працаваць і на чытача, а не толькі на райвыканкам, усе рэзка ўспамінаюць перад пачаткам падпісной кампаніі, калі трэба зрабіць тыраж. Выжываць даводзіцца хоць як. Адзін са звыклых для ўсіх метадаў: тэлефанаваць у гарадскія арганізацыі і прымушаць іх выпісаць газетку «хоць бы на тры месяцы». Пагрозамі-просьбамі-маленнямі. Гэтым займаецца ўся рэдакцыя, ператвараючыся з журналістаў у нікчэмных маркетолагаў. Але дакладней будзе назваць гэта жабраваннем. Асвойваць новыя метады прыцягнення аўдыторыі і спосабы фінансавання большасці папросту лянота: пакуль «капейка» стабільна прыходзіць на картку, можна не напружвацца.

Праблема яшчэ і ў тым, што рэдактар увесь час знаходзіцца на планёрках у райвыканкаме. Незразумела, як гэта атрымоўваецца, але гэта можа доўжыцца гадзінамі, аж да вечара. Пасля гэтага кіраўніку газеты трэба яшчэ ўсё гэта заканспектаваць і падаць у друк справаздачу ў выглядзе зводак са з'ездаў кампартыі. Так і выходзіць: замест таго, каб займацца газетай, рэдактар разам з першымі асобамі раёна плануе светлую будучыню і потым гэта апісвае.

Жыццё адным днём

Нягледзячы на тое, што нават самыя дробныя газеты даўно абавязалі завесці сайты і сацыяльныя сеткі, вядуцца яны ў большай ступені для паказухі. Замест таго, каб закідваць туды аператыўныя навіны, адказныя за сайт проста зліваюць туды ўсё, што было ў газеце ці туды не ўлезла. І самае вясёлае. Усе пакінутыя каментары там цвёрда цэнзуруюцца. Безумоўна, мадэратары ёсць на кожных парталах. Але калі адтуль выдаляюць каментар накшталт «ШМАТ ЛІТАР» толькі таму, што яго аўтар расплакаўся ад такой няўдзячнай крытыкі… Што і казаць пра прагрэс, калі нават на конкурс інтэрнэт-СМІ ў Міністэрства інфармацыі сайт трэба дасылаць па пошце ў выглядзе… раздрукаваных скрыншотаў.

Вы можаце не паверыць, але ў Беларусі ёсць людзі, якія не ведаюць, што такое «Анлайнер», не ў курсе расстрэлу рэдакцыі «Шарлі Эбдо». Гэта можна было б прабачыць звычайнаму чалавеку, але, калі ты працуеш у СМІ і пры гэтым не ведаеш, што адбываецца навокал, не сочыш не толькі за сусветнымі, але і за айчыннымі тэндэнцыямі, гэта падобна на самагубства.

Без паперкі ты ніхто

Самы «любімы» месяц у дзяржаўнай арганізацыі — гэта, вядома, красавік. Месяц суботнікаў. Час, калі штотыдзень людзі выходзяць на вуліцы і прыбіраюць адну і тую ж тэрыторыю. У тым ліку ў свой законны выходны. І не важна, чыста там ці брудна. Галоўнае — стварыць бачнасць працы: крый Божа міма праедзе старшыня, а мы не ў ботах і венікамі не махаем. Галоўнае — перастрахавацца. Унутраны цэнзар і параноік у некаторых асоб пасля доўгіх гадоў дрэсуры працуе, як гадзіннік.

Не адкрыю Амерыку, калі дадам, што тону часу забірае папяровая праца. Справаздача па зваротах грамадзянаў, для КДК, Міністэрства інфармацыі, справаздачы па ўказе № 630, часопісы па ахове працы, уваходнага і выходнага допісу… Ты увесь час практыкуеш правапіс з разлікам не выклікаць гнеў гіпатэтычнай праверкі.

* * *

Вядома, як і ў кожным працэсе, блізкім да творчасці, тут таксама могуць здарацца маленькія поспехі і перамогі. Але штораз, калі твой тэкст вяртаюць не з граматычнымі, стылістычнымі ці арфаграфічнымі праўкамі, а просяць «згладзіць куты», «зменшыць крытыку», «прыбраць небяспечны абзац», «не згадваць гэтае прозвішча», «не паказваць лічбу», а часам твой матэрыял вычытвае «сам старшыня», ты ўсё больш пераконваешся ў тым, што толку тут не чакай…

Падрабязней чытайце на http://unemploee.by.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?