13.02.2017 / 09:05

«Ла-Ла Лэнд» атрымаў пяць узнагарод BAFTA

Мюзікл «Ла-Ла Лэнд» прызнаны найлепшым фільмам года паводле версіі Брытанскай акадэміі кіно і тэлебачання (BAFTA). Усяго карціна атрымала пяць узнагарод.

Дэм'ен Шазел, які зняў фільм, прызнаны найлепшым рэжысёрам, Лінус Сандгрэн атрымаў узнагароду як найлепшы аператар. Кампазітар «Ла-Ла Лэнда» Джасцін Гурвіц атрымаў узнагароду за найлепшае музычнае суправаджэнне, а выканаўца галоўнай ролі Эма Стоўн прызнаная найлепшай актрысай.

Найлепшым акцёрам стаў Кейсі Афлек за «Манчэстэр ля мора», фільм таксама атрымаў узнагароду за найлепшы арыгінальны сцэнар.

У намінацыі «Найлепшы брытанскі фільм» перамагла карціна «Я, Дэніэл Блэйк» Кена Лоўча.

«Ла-Ла Лэнд» лічыцца галоўным фаварытам прэміі «Оскар», цырымонія пройдзе 26 лютага. Фільм вылучаны ў 13 катэгорыях, прычым у адной з іх («Найлепшая песня») адразу двойчы.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру