Ва ўмовах скачка цэнаў на бэнзын абнаўленьне аўтапарку эўрапейцам не па кішэні. У чэрвені продажы новых аўтамабіляў у краінах Эўразьвязу, Ісьляндыі, Нарвэгіі ды Швайцарыі зьнізіліся на 7,9% у параўнаньні з тым самым леташнім пэрыядам, перадае Euronews.

У Заходняй Эўропе «чорны сьпіс» узначальваюць Італія й Гішпанія: там продажы абрынуліся на 20% і 31% адпаведна. Спад назіраецца нават у зазвычай больш дынамічнай з гледжання спажываньня Ўсходняй Эўропе. Да прыкладу, у Латвіі продажы машын апусьціліся на 32%.

Крыза ўдарыла па ўсіх ключавых эўрапейскіх аўтаканцэрнах, толькі ў нямецкага BMW, вытворцы машын клясы прэміюм, продажы вырасьлі на 1,5%. У японскай Toyota эўрапейскія продажы дык увогуле абваліліся на 18,7%.

Зрэшты, для Toyota гэта толькі частка праблемы. Кампанія, якая летась стала вядучым сусьветным аўтавытворцам, сёлета скарачае прагноз продажаў на 3,6%. Найбольш трывожная сытуацыя складаецца ў канцэрну ў ЗША — з‑за падаражаньня бэнзыну амэрыканцы перасаджваюцца на эканамічныя машыны, а такую мадэль Toyota мяркуе прапанаваць амэрыканцам толькі ў 2010 годзе.

Паводле cetki.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0