Мечыслаў Яськевіч. Фота: znadnienma.pl

Мечыслаў Яськевіч. Фота: znadnienma.pl

Паседжаньне Галоўнай рады адбылося ў нядзелю 12 лютага. У прысутнасьці польскіх дыпляматаў і партнэраў СПБ з Польшчы цяперашняе кіраўніцтва арганізацыі агучыла прэтэнзіі да Мечыслава Яськевіча і ягонай намесьніцы. Як паведамляе сайт znadnienma.pl, разам з Гэленай Дубоўскай былы старшыня СПБ «насуперак статуту вырашылі прысвоіць уласнасьць СПБ». Гаворка пра ТАА «Kresowia», якое фармальна зьяўляецца эканамічнай базай саюзу.

Гэлена Дубоўская. Фота: znadnienma.pl

Гэлена Дубоўская. Фота: znadnienma.pl

Яськевіч на паседжаньні растлумачыў, што адмовіўся перадаваць дакумэнты таварыства «Kresowia» новай управе праз тое, што кіраўніцтва арганізацыі высунула супраць яго абвінавачваньні, за якія яму пагражае крымінальная адказнасьць.

«Галоўная Рада СПБ сапраўды абвінавачвае былога кіраўніка арганізацыі ў фіктыўным працаўладкаваньні ў таварыстве «Kresowia», між іншым роднай дачкі, якая стала пражывае ў Польшчы, і беспадстаўнай выплаце заробку» — паведамляе znadniemna.pl. Выданьне таксама прадставіла дэталі паседжаньня Галоўнай рады, на якой Яськевіча абвінавацілі ў сувязях з КГБ. Паводле заявы Галоўнай рады, Мечыслаў Яськевіч «здрадзіў» арганізацыі.

Радыё Свабода скантактавалася зь Мечыславам Яськевічам. Былы старшыня СПБ паабяцаў пракамэнтаваць справу і папрасіў патэлефанаваць праз некалькі хвілін, каб магчы запаркаваць аўтамабіль. Але цягам гадзіны пасьля гэтага ягоны нумар быў адключаны.

Свабода зьвярнулася па камэнтар гэтага здарэньня да цяперашняй старшыні СПБ Анжалікі Борыс.

Анжаліка Борыс. Фота: znadnienma.pl

Анжаліка Борыс. Фота: znadnienma.pl

«Я не хачу камэнтаваць абвінавачваньні ў супрацы з КДБ, хаця такія ацэнкі сапраўды гучалі. Сутнасьць у тым, што ўжо 2 месяцы спадар Яськевіч ня хоча аддаваць маёмасьць. Галоўная рада ўспрымае гэта як прысвойваньне. Калі ён гэтага ня зробіць, то будзе выключаны з СПБ» — сказала Борыс.

Як распавёў Свабодзе гарадзенскі журналсіт Ян Роман, які прысутнічаў на сустрэчы, Яськевіч агучыў намер стварыць на базе кампаніі «Kresowia» новую польскую арганізацыю.

«Ён сказаў, што ў яго ёсьць прыхільнікі, якія ўвойдуць у гэтую арганізацыю. Ён нават і назву агучыў «Супольнасьць палякаў Беларусі» (Wspólnota Polaków Białorusi). І дадаў, што ў адрозьненьні ад СПБ, ягоную арганізацыю зарэгіструюць»

Мечыслаў Яськевіч прайграў чарговыя выбары старшыні СПБ летась у сьнежні. За Анжаліку Борыс тады прагаласавалі 99 дэлегатаў з 189 прысутных. Мечыслаў Яськевіч, які да гэтага кіраваў Саюзам палякаў, набраў 85 галасоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?