14.02.2017 / 12:51

Героем трэцяга мовабокса стаў паэт Віктар Жыбуль 2

10 лютага ў межах MOVABOX — сацыяльна-культурнай ініцыятывы кампаніі velcom, накіраванай на падтрымку сучаснай беларускай літаратуры, — прадставілі новага аўтара, творчасці якога прысвечаны чарговы этап праекта. Ім стаў паэт-авангардыст і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль.

З гэтай нагоды абнавіўся сайт праекта movabox.by. Гэтым разам арганізатары вырашылі звярнуцца да новай для праекта формы — паэзіі. У якасці героя трэцяга этапа абралі аўтара, якога адрознівае нестандартны падыход да творчасці і любоў да літаратурных і мастацкіх эксперыментаў. І гэта зразумела: адна з мэтаў праекта MOVABOX — пераадоленне стэрэатыпных уяўленняў пра сучасную беларускую літаратуру. А неардынарныя, наватарскія вершы Віктара Жыбуля гэтых стэрэатыпаў пазбаўлены цалкам. І адначасова яны знаходзяцца ў цеснай сувязі з рэчаіснасцю — супрацьпастаўляюць банальнасці і руціннасці штодзённага жыцця гульню, гумар і іронію.

«Лепшыя ўзоры класічнай беларускай літаратуры прысвечаны пошукам адказаў на пытанні, якія прынята называць «вечнымі». У творчасці Віктара Жыбуля пытанні таксама прысутнічаюць — але зусім іншыя: нечаканыя, неадназначныя, часам проста забаўныя, а часам нават «хуліганскія». Мы спадзяёмся, што тым, хто сочыць за праектам MOVABOX, будзе цікава назіраць гэтую эвалюцыю і самім спрабаваць знайсці ўласныя варыянты адказаў на ўзнятыя аўтарам пытанні да сябе і да свету», — адзначыў кіраўнік аддзела брэнд-менеджменту velcom Зміцер Курловіч.

На сайце ўжо можна прайсці тэст па матывах творчасці Віктара Жыбуля і вызначыць свой тыпаж: хуліган, падбухторшчык, свавольнік, піянер, ціхоня ці выдатнік. У выніку ўдзельнік атрымае аўтарскае апісанне тыпажа ў выглядзе вершыка і можа пакінуць свой нумар тэлефона, каб узяць удзел у розыгрышы MOVABOX з артэфактамі.

Сярод іх, акрамя зборніка вершаў «Дзяцел і дупло» і традыцыйнага паслання ад аўтара, — пернік у выглядзе талона, трафарэт са словам «Адхуліганена», набор стыкераў з тыпажамі па тэсту для сябе i сяброў, значок «Выдатнік унутранага хуліганства», чалавечак на кнопачцы, каб дэманстраваць свой настрой, i абавязковы атрыбут «хулігана» — кулёк семак.

Трэці этап праекта з удзелам Віктара Жыбуля будзе працягвацца пяць тыдняў, пасля чаго вызначаць 20 шчасліўчыкаў-уладальнікаў MOVABOX, які ўвасабляе найбольш адметныя рысы літаратурнага «почырку» паэта.

«Жыццё, на мой погляд, такая рэч, да якой не заўсёды варта ставіцца занадта сур’ёзна. Кожнаму з нас патрэбны той маленькі гарэза, які ўвасабляе сабой уменне ўспрымаць нават «дарослую» рэчаіснасць з цікаўнасцю, непасрэднасцю, адкрытасцю. Які жыве ў кожным з вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік «Дзяцел і дупло». Таму мне так імпануе праект MOVABOX — у першую чаргу, сваім імкненнем аднавіць успрыманне беларускай літаратуры, пазбавіцца ад існуючых у яе дачыненні штампаў і клішэ», — адзначыў Віктар Жыбуль.

Зборнік вершаў «Дзяцел і дупло» таксама хутка з’явіцца ў 20 кавярнях Беларусі, у якіх усталяваныя скрыні для беларскамоўнага буккросінга. Азнаёміцца са спісам і паглядзець мапу можна на сайце movabox.by у раздзеле «Навіны».

Падчас прэс-канферэнцыі абвесцілі вынікі другога этапа праекту, а таксама агульныя лічбы па двум папярэднім удзельнікам MOVABOX — раманам Людмілы Рублеўскай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» і Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі». Так, агульная колькасць наведвальнікаў сайта з пачатку праекта склала 32 389 чалавек, сярод якіх 7 076 прайшлі тэсты і пакінулі свае кантакты для ўдзелу ў розыгрышы MOVABOX. Уражаннямі ад удзелу ў праекце падзяліўся Альгерд Бахарэвіч, перадаючы «эстафету» Віктару Жыбулю:

«Удзел у праекце MOVABOX для аўтара — гэта перш за ўсё магутная хваля станоўчых эмоцый. Таму што замест спадзявання з’яўляецца ўпэўненасць: так, кнігі на беларускай мове сёння патрэбныя, іх чытаюць і чакаюць. Прычым, як сведчыць прыклад праекта, гэта датычыцца самых розных па форме і зместу твораў, тэм і жанраў. Упэўнены, что вершы майго калегі Віктара Жыбуля аўдыторыя праекта MOVABOX сустрэне з цікавасцю і цеплынёй, а вобраз сучаснай беларускай літаратуры ва ўяўленнях чытачоў атрымае большую выразнасць і дакладнасць».

Паводле інфармацыі velcom

1
Галава / Адказаць
14.02.2017 / 17:06
Прысутнiчаý на iмпрэзе дзе выступав Вiктар. Моцна i па справе (як кажуць у нас, гопнiкаý). I жонка яго чытала верш пасля - пра вешальнiкаý. Таксама ý кропку! Годныя людзi.
0
Палясоўшчык / Адказаць
15.02.2017 / 18:20
Мову шукайце: праз гульні,імпрэзы! Хвала мовазнаўцам,рупліўцам,гарэзам !
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру