Колькі ўжо гадоў Беларусь б’ецца са спайсамі. Са з’яўленнем гэтых сінтэтычных наркотыкаў наркаманія перастала быць маргінальнай з’явай, бо ў пастку таннасці трапілі тысячы паспяховых людзей.

Нейкі час у Беларусі і не ведалі, што рабіць з новым выклікам. Склалася сітуацыя, калі за продаж гэтых наркотыкаў не ўдавалася караць, бо дэ-юрэ яны былі легальнымі. Гэтым паспелі скарыстацца нават асобныя ўвішныя супрацоўнікі міліцыі і дзяржбяспекі.

Сітуацыя змянілася, калі ад перадозаў пачалі паміраць дзясяткамі.

Дзяржава адрэагавала жорстка — наркагандляроў садзяць на тэрміны ад 8 да 15 гадоў.

Урэшце тактыка запалохвання спрацавала. Калі на зоне аказалася 7 тысяч чалавек, распаўсюд спайсаў атрымалася абмежаваць — наркаманаў паменела ў разы, кажуць нарколагі.

Аднак гаворка па-ранейшаму ідзе пра сотні людзей, якія штогод трапляюць на ўлік у буйных гарадах. І гэта толькі тыя лічбы, якія фіксуюцца нарколагамі, а пра колькі яшчэ дактары не ведаюць?

У гэтым матэрыяле «Наша Ніва» прааналізавала сучасны рынак хімічных псіхатропаў у Беларусі, каб зразумець, ці далёка нам да перамогі. Высновы нас уразілі — прыбыткі наркагандляроў па-ранейшаму вымяраюцца дзясяткамі тысяч даляраў штодзень. І гэта толькі тое, што на паверхні.

Вывад грошай праз біткойны

Схема продажу спайсаў у Беларусі вядомая: гэта ланцуг з некалькіх чалавек, якія звычайна і не ведаюць адзін аднаго.

Адзін з іх працуе «аператарам» і прымае замовы праз ананімныя інтэрнэт-месенджары. Пасля пацвярджэння аплаты, якая робіцца хоць у звычайным інфакіёску, аператар перасылае задачу закладчыку, які хавае дозу ў непрыметным месцы на вуліцы і кажа аператару, як гэтае месца знайсці. У выніку інструкцыя даходзіць да кліента і той забірае свой спайс.

Атрымліваецца хітра: ніхто нікога не бачыў, доза ў замоўцы, а грошы на рахунку ананіма, які і стварыў гэтую сетку.

Але не ідэальна: нашы сілавікі ўмеюць выяўляць такія схемы, ад чаго сям-там перыядычна гучаць навіны пра незайздросны лёс закладчыкаў, якія ў структуры наркагандлю самыя ўразлівыя і звычайна першымі трапляюць на зону, змушаючы сваіх «працадаўцаў» шукаць новых ёлупняў.

Адмысловы форум для наркаманаў багаты на прапановы падзарабіць «закладчыкам» на стаўцы ад $7 за адну зробленую закладку. Лялькаводы нават аплачваюць правінцыялам пераезд і арэнду жылля ў абласных гарадах, абы б іх «крамы» не прастойвалі.

З закладчыкамі пытанне толькі ў тым, як доўга ён адпрацуе, пакуль яго не вылічаць у міліцыі. Садзяць гэтых наіўных, што спадзяюцца на лёгкія грошы, стопрацэнтна.

Але гэта ўсё вяршыня айсберга. Глянем на прыбыткі тых, хто стаіць на чале самых буйных у Беларусі крам.

Пасля пасадкі банды Вілюгі беларускі рынак страціў манапаліста і ў лідары выйшлі тры крамы, якія працуюць у сталіцы і маюць філіі ў буйных гарадах.

Яшчэ ёсць дзясяткі больш дробных рэгіянальных і абласных дылераў.

Як на іх выходзяць кліенты? Для гэтага існуе адмысловы сайт для краін СНД, які заблакаваны ў Беларусі.

Сайт у Кітаі

Але з дапамогай вядомых праграм на яго можна зайсці з абсалютна любога беларускага камп’ютара, і застаецца толькі гадаць, што ўжо столькі гадоў замінае сілавікам Беларусі, Расіі, Казахстана ды Украіны скааперавацца і праз міжнародныя юрыдычныя рычагі прымусіць улады Кітая (Ганконга), дзе зарэгістраваны сайт, адключыць яго.

Уладальнікі сайта зарабляюць на гандлярах, беручы з іх аплату за права публікацыі свайго прайсу і кантактаў на форуме.

Скажам, тры найбуйнейшыя беларускія крамы толькі за гэтае права плацяць па $1500 штомесяц, яшчэ 16 крам — па $300, іншыя, драбнейшыя, менш.

За 2 грамы спайсу (мінімальная вага для куплі) — у Беларусі звычайна просяць 30—35 рублёў. Але прадаюцца таксама розныя рэагенты, «крышталі», «хуткасці» і гэтак далей.

Усе выручаныя грошы прыходзяць на электронныя кашалькі наркагандляроў, рэквізіты якіх яны самі прадастаўляюць кліентам. Зазвычай гэта WebMoney (гарант сэрвісу ў Беларусі — «Тэхнабанк») i EasyPay (гарант — «Белгазпрамбанк»).

Зарэгістраваць узгаданыя электронныя кашалькі без прадастаўлення прыватных звестак, аж да нумара тэлефона, немагчыма. Таму гэтыя кашалькі альбо рэгіструюцца на падстаўных асоб, звычайна — наркаманаў, альбо проста выкупляюцца на адмысловых рэсурсах у «цёмным» інтэрнэце.

Але адна справа — прымаць сродкі на гэты кашалёк, іншая — вывесці іх з яго. Справа ў тым, што па беларускім заканадаўстве гэта можна зрабіць, толькі прыйшоўшы асабіста разам з пашпартам у банк, альбо звязаўшы з рахункам картку — але тады асобу, што зняла сродкі, будзе лёгка вылічыць.

Таму ў асяродку беларускіх наркагандляроў узнікла неабходнасць стварыць так бы мовіць нелегальную фінансавую біржу, дзе можна было б гандляваць валютамі за спінаю беларускіх банкаў, а пасля выводзіць гэтыя сродкі з віртуалу ў рэал.

Як гэта робіцца?

За стварэннем такой нелегальнай біржы стаяць невядомыя, але вельмі тэхнічна прасунутыя асобы, якія прапануюць гандлярам наступную схему па вывадзе сродкаў: яны прымаюць на свой рахунак у сістэме Bitcoin пераводы з рахункаў прадаўцоў, узамен выдаючы ім плацежную картку ADWCash, на якую з камісіяй у 16—20% пераводзяць ужо рэальныя грошы.

Гэтыя карткі трапляюць да сваіх замоўцаў гэтак жа, як наркотыкі да наркаманаў — праз «закладкі» на вуліцы.

Тыповая карта ADW, праз якую наркагандляры здымаюць сродкі з беларускіх банкаматаў. Фота з сайта для наркаманаў.

Тыповая карта ADW, праз якую наркагандляры здымаюць сродкі з беларускіх банкаматаў. Фота з сайта для наркаманаў.

Сама сістэма Bitcoin не вельмі распаўсюджаная ў Беларусі, у нас яна працуе ў напаўлегальным стане, але яе галоўная перавага — ананімнасць уласніка рахунка.

Пры гэтым Bitcoin дазваляе бачыць усе транзакцыі, праведзеныя па рахунку. І каб зразумець, якія сумы праварочваюцца ў беларускім наркабізнэсе сінтэтычных наркотыкаў, застаецца толькі знайсці рахунак гэтай «біржы».

EasyPay

«Наша Ніва» гэты рахунак знайшла. Лічбы аказаліся, з аднаго боку, немалыя, а з другога — не гіганцкія.

За няпоўны год — з 21 красавіка 2016 года — сума атрыманых пераводаў роўная прыкладна $450 тысячам.

Калі адсочваць транзакцыі па днях, то можна ўбачыць, што ў сярэднім праз рахунак «біржы» праходзіць ад $5 тысячаў у суткі.

У святочныя дні, кшталту Новага году, сумы скачуць нават да $30 тысяч і болей.

Некаторыя крамы за пару месяцаў «працы» праводзілі праз свой рахунак па $15 тысяч.

Як сцвярджаюць ананімныя «фінансісты», з якімі мы звязаліся пад выглядам цікаўнага гандляра, іх паслугамі карыстаюцца каля 20 беларускіх «крам».

Гэтыя фінансавыя злачынцы (а наркотыкі яны не прадаюць, зарабляюць толькі на пераводах) карыстаюцца ў сваёй дзейнасці складанымі камп'ютарнымі скрыптамі, якія дазваляюць настолькі заблытаць шлях транзакцый на Bitcoin, што вылічыць адрасантаў некаторых пераводаў праблематычна праз наяўнасць сотняў пасярэднікаў. 

Пры гэтым пераводы праз біткойн — не адзіны шлях вывесці грошы. Частка транзакцый праходзіць па іншых віртуальных гаманцах, што немагчыма адсачыць, не маючы доступу да банкаўскай інфармацыі, таму тыя сотні тысяч даляраў — толькі частка рэальных абаротаў беларускага наркабізнэсу.

Сюды таксама можна дадаць той факт, што не ўсе беларускія «крамы» карыстаюцца паслугамі дадзенай біржы, і выводзяць сродкі самастойна.

Што з гэтым робяць сілавікі?

Міліцыя блакуе рахункі ў WebMoney i EasyPay у беларускіх банках.

Так, за 2016 год было заблакавана 197 кашалькоў WebMoney, 385 кашалькоў EasyPay. 

Па прызнаннях «фінансістаў», кожнае такое блакаванне цягне за сабою страты ў тысячы даляраў, бо мала што на кашальках ёсць нейкія сродкі, але для падтрымкі працы такіх фіктыўных кашалькоў выкарыстоўваюцца віртуальныя сім-карты беларускіх аператараў, прывязаныя тэлефоны ды іншы букет неабходных для ананімнасці прыладаў. 

Для перамогі над наркагандлем спецслужбам цяпер патрэбныя не толькі ўмелыя аператыўнікі, але і якасныя IT-спецыялісты. 

Бо праблема наркагандлю застаецца, і, калі аслабіць супрацьдзеянне гэтаму бізнэсу на смерці, яшчэ больш лёсаў будзе паламана.

Але, зрэшты, хто вінаваты, што асобныя маладыя людзі такія дурні?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?