Ілюстрацыя з vpteam.net

У Менску затрыманы махляр, які называўся багатым людзям кілерам і прапаноўваў заплаціць за невыкананне ў адносінах да іх "заказу"

Крымінальная справа па ч. 2 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства) распачата Першамайскім РУУС Мінска ў дачыненні да жыхара Брэста, затрыманага ў сталіцы 18 ліпеня.

Як паведаміла БелаПАН прэс-афіцэр раённага ўпраўлення міліцыі Наталля Аўласенка, мужчына называўся заможным мінчанам кілерам, паведамляў аб тым, што атрымаў на іх "заказ", і выказваў гатоўнасць адмовіцца ад яго выканання за 1.500 долараў. Пры гэтым абяцаў праз некалькі дзён даць дыск з інфармацыяй пра "заказчыка". Сваіх ахвяраў злачынца выбіраў мэтанакіравана: вывучаў у дварах аўтатранспарт, устанаўліваў уладальнікаў найбольш дарагіх аўтамашын і даведваўся ўсю неабходную інфармацыю пад рознымі прыстойнымі прычынамі ў суседзяў.

Некалькі пацярпелых звярнуліся ў міліцыю пасля таго, як "кілер" не з'явіўся праз некаторы час з дыскам. Прычым у адным выпадку ён атрымаў 1.500 долараў, у другім — толькі перадаплату ў 200 долараў за дыск з інфармацыяй пра заказчыка. Цяпер высвятляецца, хто яшчэ пацярпеў у выніку злачынных дзеянняў брэстаўчаніна, які ў красавіку вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, калі адбыў там сем гадоў за махлярства. Дарэчы, план сваіх дзеянняў пасля вызвалення махляр распрацаваў яшчэ ў калоніі.

Як зазначыла Н.Аўласенка, аналагічныя злачынствы рэгістраваліся з красавіка ў Брэсце і Гомелі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0