Фота vk.com/gomel_detka

Першыя фота з месца ДТЗ з'явіліся ў сацсетках. На іх — моцна пакамечаны капот міліцэйскай Лады. Аўтамабілю, што стаяў наперадзе, пашанцавала больш — на бамперы толькі лёгкія ўвагнутасці і драпіны. Мы звязаліся з тымі, хто знаходзіўся ў другой машыне.

Жанна Лашкевіч ехала з сынам і ўнучкай па вуліцы Фядзюнінскага. Жанчына распавядае, што яны спыніліся на святлафоры, чакалі, пакуль загарыцца зялёны. У гэты час у іх і ўрэзаліся дзяржаўтаінспектары.

Фота vk.com/gomel_detka

«Быў вельмі моцны хлапок, я адчула ўдар па галаве, потым мушкі перад вачыма і праз нейкі час я зразумела, што адбылося ДТЗ. На шчасце, ні сын, ні ўнучка не пацярпелі, бо мы заўсёды прышпільваемся. Але пазней мяне забрала хуткая, паставілі дыягназ страсенне мазгоў».

Паводле слоў жанчыны, у машыне ДАІ знаходзіліся трое маладых супрацоўнікаў міліцыі. Інцыдэнт патлумачылі тым, што спяшаліся на заданне. Пры гэтым, адзначае Жанна, уключаных пробліскавых маячкоў чырвонага і сіняга колеру на міліцэйскім аўто яна не бачыла.

«Вельмі машыну нашу шкада. Бо мы заўсёды вельмі акуратна ездзім на дарогах і да машыны заўсёды ставіліся беражліва і акуратна. А нехта ў адно імгненне яе сапсаваў», — абураецца жанчына.

Фота vk.com/gomel_detka

У ДАІ Гомельскага аблвыканкама пракаментавалі інцыдэнт.

«Нарад ДПС спяшаўся на месца здарэння, уключыўшы на патрульным аўтамабілі пробліскавыя маячкі чырвонага і сіняга колераў разам з гукавой сігналізацыяй. Рухаючыся па вуліцы Фядзюнінскага і пад'язджаючы да скрыжавання з вуліцай Савецкай, патрульны аўтамабіль выехаў на паласу сустрэчнага руху, паколькі іншыя палосы былі занятыя транспартам, які стаяў на святлафоры. У гэты час насустрач патрульнаму аўто выехаў аўтамабіль. Каб пазбегнуць лабавога сутыкнення, супрацоўнікі ДАІ былі вымушаныя стаць у спадарожную паласу, дзе і наехалі на VW», — патлумачылі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Фота vk.com/gomel_detka

У ДАІ таксама дадалі, што за парушэнне ПДР у дачыненні да супрацоўніка ДАІ складзены адміністрацыйны пратакол па ч. 2 артыкула 18.17 КаАП РБ (Парушэнне ПДР асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула прычыненне пацярпеламу лёгкіх цялесных пашкоджанняў або пашкоджанне іншага транспартнага сродку, грузу, дарожнага пакрыцця, дарожных i iншых збудаванняў або іншай маёмасці).

У ДАІ паведамілі, што ідзе пошук неўстаноўленага легкавога аўтамабіля цёмнага колеру, кіроўца якога не прадаставіў перавагу ў руху патрульнаму экіпажу. Грамадзян, якія маюць якую-небудзь інфармацыю пра здарэнне, просяць паведаміць па тэлефоне 8-0-232-68-44-44.