Да паездкі хлопцы рыхтаваліся загадзя: узялі сэлфі-палку і відэакамеру GoPro, адправіліся на чыгуначную станцыю Лупалава, дзе селі на цягнік рэгіянальных ліній Магілёў — Крычаў. Праехаўшы ў тамбуры да прыпынка Бароўка, падлеткі выйшлі і зачапіліся звонку, стаўшы на падножкі цеплавоза, які знаходзіўся ў канцы цягніка.

Так школьнікі праехалі да прыпынка Дары — гэта каля 10 км. Іх заўважыў памочнік машыніста. На станцыі Дары хлопцы паспрабавалі ўцячы, аднак іх затрымалі міліцыянты. Аднаго — адразу. Іншаму ўдалося схавацца, але цягам гадзіны яго знайшлі і таксама затрымалі.

У дачыненні да 15-і і 17-гадовага хлопцаў складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне правілаў карыстання сродкамі чыгуначнага транспарту. Артыкул, адказнасць па якім наступае з 14 гадоў, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ад 0,6 да 3 базавых велічынь.