23.07.2008 / 14:10

Х‑files беларускай палітыкі 2

«Шаноўныя пасажыры, калі вы пабачыце ў вагонах або на плятформе дзіўную валасатую тварыну або малпу, не спрабуйце карміць яе з рук або прыручыць», ‑‑ прагундосіў голас дыктара ў вагоне менскага сабвэю. Фэльетон Лёліка Ушкіна.

«Шаноўныя пасажыры, калі вы пабачыце ў вагонах або на плятформе дзіўную валасатую тварыну або прымата, не спрабуйце карміць яе з рук або прыручыць. Адразу выклікайце супрацоўніка міліцыі або дзяжурнага па станцыі», — прагундосіў голас дыктара ў вагоне менскага сабвэю. Трошкі пазьней ён дадаў: «Станцыя Купалаўская».

— Нам cыходзіць, — Скалі кіўнула Малдэру.

Агенты выйшлі з мэтро і рушылі да будынку Міністэрства жывых шчытоў (МЖШ). Іх адразу правялі ў прыёмную дырэктара ўстановы. Галоўны МЖШнік у той час ладзіў лятучку. З‑за дзьвярэй было чуваць, як ён па самыя памідоры ўстаўляе пістон сваім падапечным.

— Казлы, блін. Я вас пытаю — дзе вынікі? Вы разумееце, што справа з прыматам на кантролі ў прэзыдэнта?!

— Працуем, таварыш міністар. Арыштавалі ўсіх актывістаў апазыцыі, якія вучыліся на факультэтах заалёгіі і генэтыкі. Бярэм пробы на наяўнасьць хвасту і павялічанай валасяной расьліннасьці на целе, аналіз ДНК, спэрмы, крыві, мачы, калу, сьліны. І нічога. Давялося выпускаць.

— Значыцца так. Правесьці татальнае апытаньне жыхароў Ліды — хто з вашых знаёмых апошнім часам казаў пра заапарк або мае запісы мультыплікацыйнага сэрыялу пра прыгоды мартышкі Анфіскі. А цяпер прэч адсюль! Паклічце, калі ласка, містэра Малдэра і міс Скалі.

Супрацоўнікі зайшлі ў кабінэт. Ён быў завалены фатаробатамі прымата і энцыкляпэдыямі Брэма «Жыцьцё жывёлаў».

Пасьля абмену фармальнасьцямі госьці перайшлі да справы.

— Такім чынам, вы хацелі, каб мы заняліся гэтай малпай. Вы лічыце, што існуе нейкая містычная складовая ў паводзінах прымата, — агучыў сваю здагадку Фокс Малдэр.

Сілавік нечакана ўстаў і прайшоўся па кабінэце.

— Не. Рэч ня ў тым. Шчыра кажучы, я баюся, што малпу зловяць і грамадзтва вернецца да тэмы выбухаў. Зь іншага боку, тэма малпы трохі абрыдла. Нам заўсёды патрэбная нейкая новая сэнсацыя, каб краіна ня думала пра тое, што стабільнасьці — капец, тэрарыст на волі. Ці не маглі б вы, як прафэсіяналы, дамовіцца зь нейкімі інфэрнальнымі істотамі, каб яны часьцей наведваліся да нас? Вы ж маеце сувязі ў гэтай вобласьці. Я добра заплачу. Валютай.

Дана Скалі і Фокс Малдэр пераглянуліся.

Праз тыдзень «Саўбелка» разрадзілася ананімнай рэдактарскай калёнкай, лейтматывам якой быў наступны абзац:

«З году ў год агалцелыя палітыкі і журналісты‑лакеі травяць нашае талерантнае беларускае грамадзтва. Бяз стомы, энэргічна натраўліваюць адных беларусаў на другіх. Асабліва прадстаўнікоў моладзі, якую дзень і ноч цягнуць на вуліцу, разбэшчваюць грантамі і стыпэндыямі. Уся гэтая мутная хваля прыводзіць да зьяўленьня зялёных чалавечкаў, якіх учора бачылі на Мядзельшчыне».

Лёлік Ушкін

0
ilja / Адказаць
24.07.2008 / 13:25
Прымітыўна. Мне не спадабалася
0
ales / Адказаць
31.07.2008 / 08:21
kruta
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру