Тэлевізійныя серыялы становяцца важнымі падзеямі ў культурным жыцці свету. Іх абмяркоўваюць і чакаюць нават больш, чым паўнаметражныя фільмы. Нават найлепшыя рэжысёры сучаснасці, як, напрыклад, Вудзі Ален ці Паола Сарэнціна, не грэбуюць здымкамі серыялаў. «НН» прапануе вашай увазе міні-гайд па найлепшых серыялах апошніх месяцаў.

«Карона» (The Crown)

Драма, біяграфія. ЗША, Вялікабрытанія. 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,9

Серыял «Карона» сёлета атрымаў «Залаты глобус» як найлепшы драматычны серыял 2016 года. А выканаўца галоўнай ролі Клэр Фой — як найлепшая актрыса ў серыялах.

Заходнія кінематаграфісты працягваюць увекавечваць у жыцці серыялы пра брытанскіх манархаў. Толькі восенню з’явіўся першы сезон «Вікторыі», як патокавы тэлеканал Netflix запусціў «Карону» пра каралеву Лізавету ІІ.

Дарэчы, вельмі цікава параўнаць паводзіны гэтых асоб. Вікторыя з малых гадоў чакала смерці свайго дзядзькі Вільгельма ІV, каб узысці на трон. Для Лізаветы сыход яе бацькі Георга VI быў нечаканы. Яна не рыхтавала сябе да каралеўства.

Тайныя спружыны палаца, інтрыгі і перашкоды, з якімі сутыкалася каралева на сваім шляху, — усё гэта ў «Кароне». Вельмі цікавая роля мужа каралевы — герцага Філіпа (каб ажаніцца, ён адмовіўся ад грэцкага праваслаўя на карысць англіканства). Гэта сапраўды цяжкая ноша — быць у цені сваёй жонкі, заставацца на другіх ролях. Можа, таму Філіп не заўсёды паказаны ў прывабным святле.

Гэты серыял варта глядзець і дзеля Джона Літгоў, які геніяльна выканаў ролю Уінстана Чэрчыля. Брытанскі прэм’ер з’яўляецца ў серыяле ва ўсёй сваёй вялікасці і нікчэмнасці.

«Вікінгі» (Vikings)

Гістарычная драма. Канада, Ірландыя. 4-ы сезон.

Адзнака на IMDB: 8,7

У цэнтры серыяла легендарны скандынаўскі конунг Рагнар Ладброк. Вікінгі разумеюць, што краіны Балтыйскага рэгіёна спустошаныя імі цалкам. Дзеля таго, каб выжыць, трэба адкрываць новыя кірункі для набегаў. Ад кагосьці з падарожнікаў Рагнар чуе пра Англію і яе багацці. Пасля гэтага Рагнар жыве толькі думкай пра тое, як накіравацца туды з воінамі.

Каталіцкі біскуп з Лос-Анжэлеса Роберт Беран выказаў меркаванне, што «Вікінгі» — самы цікавы тэлесерыял апошняга часу для вернікаў, хоць і большасць герояў марыць пра Вальхалу і клянецца ў вернасці Тору. Хрысціянства прысутнічае ў асобе манаха Адэльстана, які шукае падыходы да сэрца Рагнара. А паганства — у асобе будаўніка караблёў Флокі, аднаго з найцікавейшых персанажаў фільма.

У серыяле шмат крыві і жорсткасці, але не спрабуйце толькі праз гэта ставіць на ім крыж. Гэтае кіно пра мужнасць, здраду, веру, адносіны. А падзеі не даюць засумаваць.

Ролю жонкі Рагнара — непаўторнай Лагерты — выканала канадская актрыса Кэтрын Уінік. Гэта псеўданім, а сапраўднае імя — Кацярына Вінніцкая. Яна нарадзілася ў Таронта, да васьмі гадоў размаўляла толькі па-ўкраінску, хадзіла ва ўкраінскую школу.

«Малады папа» (The Young Pope)

Драма. Італія, Іспанія, Францыя. 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,5

Пра гэты серыял ужо сказана столькі ўсяго, што дадаць нешта вельмі цяжка. Яго рэжысёрам стаў Паола Сарэнціна, адзін з найбольш цікавых рэжысёраў сучаснасці. І Сарэнціна з’яўляецца адным з галоўных герояў фільма на працягу ўсіх дзесяці серый. Часам не столькі цікава назіраць за ігрой акцёраў, як за рэжысёрскай працай майстра. «Малады папа» перапоўнены самымі рознымі дэталямі, вобразамі. Праз кожныя пару секунд можна ціснуць на «стоп», каб паўзірацца ў дэкарацыі.

Што тычыцца сюжэту, то малады амерыканскі кардынал Лені Беларда па выніках канклаву становіцца новым Папам. Яго разглядаюць як альтэрнатыву ліберальнаму дзяржсакратару Ватыкана Анджэле Ваеле і харызматычнаму кардыналу-кансерватару Майклу Спэнсэру. Новы папа Пій XIII мусіў стаць цацкай у руках старэйшых калег, але нечакана пачынае гуляць па ўласных правілах.

Папа курыць у Ватыкане, прыручае кенгуру, п’е «Кока-колу», шантажуе італьянскага прэм’ер-міністра, не ведае, пра што размаўляць з праваслаўным мітрапалітам, адштурхоўвае ад сябе вернікаў, яго даймаюць дэманы дзяцінства. Але чым больш пра яго даведваюцца людзі, тым больш яны разумеюць, што Папа — святы. Вось толькі пытанне, ці верыць Пій XIII у Бога?

«Галіяф» (Goliath)

Юрыдычная драма. ЗША. 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,3

Галоўны герой — адвакат-няўдачнік Білі Макбрайд. Калісьці ён быў сузаснавальнікам буйной адвакацкай канторы, але ў нейкі момант жыццё пасыпалася сабаку пад хвост. Цяпер Макбрайд разведзены, жыве ў матэлі, глушыць літрамі алкаголь, а таксама перабіваецца выпадковымі справамі.

Такі стан рэчаў працягваецца да той пары, пакуль Білі не падварочваецца справа ўсяго жыцця — таямнічая смерць маладога супрацоўніка абарончага прадпрыемства. Супрацьстаяць Білі ў гэтай справе будзе ягоны колішні кампаньён — Дональд Куперман.

Здавалася б, шанцаў нуль. І канкурэнты проста раструшчаць Білі, калі не юрыдычна, то фізічна дакладна. Але яму неяк атрымліваецца навязаць барацьбу.

Варта адзначыць бліскучую ігру Білі Бобі Торнтана — выканаўцы галоўнай ролі. Менавіта ён атрымаў «Залаты глобус» за найлепшую мужчынскую ролю ў серыялах за 2016 год.

«Чалавек у высокім замку» (The Man in the High Castle)

Альтэрнатыўная гісторыя, трылер. ЗША. 2-і сезон

Адзнака на IMDB: 8,1

Давайце ўявім сітуацыю: нацысты перамагаюць у Другой сусветнай вайне. ЗША падзеленыя на тры часткі. Усходняе ўзбярэжжа кантралюе Германія, заходняе — Японія. Невялікая палоска зямлі ў раёне Скалістых гор утварае нейтральную тэрыторыю. Менавіта такі сюжэт стварыў амерыканскі фантаст Філіп Дзік.

Падзеі адбываюцца ў пачатку 1960-х. На сцягу ЗША замест зорачак красуецца свастыка, састарэлы Гітлер кіруе вялікай імперыяй апошнія дні. І ў Нью-Ёрку, і ў Сан-Францыска тлеюць ачагі супраціву. Падполле кішыць шпіёнамі, нікому давяраць нельга.

Адзіную надзею даюць кінахронікі перамогі над нацызмам, створаныя нейкім «Чалавекам у высокім замку». Хто гэта такі і дзе ён жыве, ніхто не ведае.

«Узорныя бунтаркі» (Good Girls Revolt)

Гістарычная драма. ЗША. 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 8,1

Канец 1960-х. Нью-ёркскі часопіс «Навіны тыдня» лічыцца адным з самых папулярных і паспяховых у краіне. Журналістамі ў часопісе працуюць толькі мужчыны, але да кожнага з іх прыстаўленая жанчына, якая дапамагае ў зборы інфармацыі, абзвоньвае крыніцы. Пісаць самастойна артыкулы жанчынам забараняецца. Нават уласніца выдання кажа: «Не, мілачкі, вы пісаць нічога не будзеце».

Некалькі памочніц пачынаюць сваю барацьбу, спачатку таемную, за правы жанчын. У стварэнні серыялу ўзялі ўдзел дастаткова таленавітыя акцёры. Моднікам будзе вельмі цікава паглядзець, як апраналіся, дзе праводзілі час у Нью-Ёрку 1969 года. У гэтым плане фільм атрымаўся вельмі густоўным.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што не абышлося ў кіно і без гендарных перагібаў. Але ў цэлым бунтарак глядзець варта хаця б дзеля таго, каб пабачыць, які каласальны прагрэс у пытанні правоў жанчын быў дасягнуты цягам жыцця аднаго пакалення.

«Стралок» (Shooter)

Драма, баявік. ЗША. 1-ы сезон

Адзнака на IMDB: 7,7

У Сіэтле рыхтуецца замах на жыццё прэзідэнта ЗША, але ў час мерапрыемства куля знаходзіць кіраўніка Украіны, які і быў мэтай злачынцаў. У забойстве абвінавачваецца геніяльны снайпер Боб Лі Свэгер. Сяржант марской пяхоты, які прайшоў праз Афганістан. Літаральна некалькі чалавек у свеце страляе лепш за Свэгера.

Замкнуты снайпер аказваецца ў цэнтры буйных разборак паміж расійскімі спецслужбамі і амерыканскімі дзялкамі. Задача Боба Лі — даказаць сваю невінаватасць.

Глядзі таксама:

Сем найлепшых серыялаў гэтага лета

Сем найлепшых серыялаў гэтай восені

«Малады папа»: серыял стаў адной з галоўных культурных падзей года

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?