Напатканая на цэнтральнай плошчы жанчына з дзіцячым вазком паказвае рукой у бок вуліцы Партызанскай: прытулак недзе там, у дварах. Сама яна там не была, але аб прытулку ведае. А вось наступныя два мінакі аб ім не чулі і самі задаюць пытанні.
Прытулак пад працоўнай назвай «Хачу дамоў» існуе з кастрычніка мінулага года і ўжо мае чым пахваліцца: за гэты час новы дом знайшлі 29 катоў і 7 сабак.
«Арганізуем прытулак? Давай!»
Валанцёры ахвотна паказваюць сваіх гадаванцаў і сам будынак. У двух маленькіх пакоях месціцца ўсё, што неабходна катам: міскі з кормам і малаком, домікі і каробкі для сну, абагравальнік, латок. Адзінае, чаго не хапае для паўнаты кацінага шчасця, — свайго гаспадара, які б іх любіў.
— Ідэя арганізаваць прытулак прыйшла проста: сяброўка займаецца катамі і сабакамі ў Маладзечне, я ёй дапамагаў, — распавядае Павел Хаванскі, заснавальнік прытулку. — Пасля падумаў, што ў нас для гэтага і ў Вілейцы ёсць памяшканне. Кажу ёй: давай у нас зробім прытулак! Яна адказала: крута, давай! Прыехала, мы разам паглядзелі месца і пачалі шукаць валанцёраў у сацсетках.
Абагравальнік ратуе жывёл у моцныя маразы.
Неабыякавых людзей у Вілейцы аказалася шмат. Цяпер прытулку дапамагае каля 12 валанцёраў, пераважная большасць з іх — дзяўчаты.
Настасся Збераноўская даведалася аб прытулку з сацсетак і не змагла прайсці міма.
— У мяне самой дома жывуць два каты, і вулічных пастаянна падкормліваю, — кажа дзяўчына. — Таму прыйшлі разам з сястрой, агледзеліся і вырашылі, што зможам сюды прыходзіць. Спачатку думалі толькі ежу прыносіць, але пасля я ўцягнулася. Цяпер прыходжу рэгулярна, каб пачысціць латкі, наліць малака, пагладзіць коцікаў, праверыць жывоцікі-лапкі. Калі бачым, што з нейкай жывёлінкай ёсць праблемы, усе разам абмяркоўваем, што рабіць далей.
Узяць восем шчанюкоў дадому — не праблема
Ёсць у прытулку і свой «сямейны атрад» — Васіль і Аксана Чыжыкавы-Кузьміны. Яны настолькі пранікліся праблемамі бадзяжных жывёл, што прынеслі ў прытулак свой абагравальнік. Без яго кацянятам нашмат цяжэй было б перажыць маразы ў -32 градусы.
— Мы даведаліся аб прытулку перад новым годам з сацсетак, дзе пабачылі фота коцікаў, — узгадвае Аксана. — Я вельмі здзівілася і ўсцешылася адначасова, нават ледзь слязу не пусціла: няўжо ў нас у Вілейцы ёсць такая добрая ініцыятыва? І мы прыйшлі валанцёрамі.
Муж з жонкай ужо некалькі месяцаў наведваюцца ў прытулак і нават маюць сваю «спецыялізацыю» — займаюцца шчанюкамі.
Пачалося гэта з канца снежня, калі ў мікрараёне Шанхай ў падвале аднаго з дамоў сучка нарадзіла шчанят. Жыхары дома былі супраць такога суседства і выкінулі сабачую сям’ю на вуліцу, збіраючыся выклікаць супрацоўнікаў ЖКГ.
— І што было рабіць? Я вырашыла, што трэба дапамагаць! У мяне якраз была вольная летняя кухня, таму сабак забрала сабе.
Вось дагэтуль з імі гуляемся, — усміхаецца Аксана, паказваючы на двух шчанюкоў, якім пакуль не атрымалася знайсці новую сям’ю.
Валанцёры кажуць, што не паспяваюць «прыкіпець» да гадаванцаў і лёгка аддаюць іх новым людзям. Тым больш калі бачаць, што жывёла трапляе ў добрыя рукі.
Гэтыя два шчанюкі ўсё яшчэ чакаюць новых гаспадароў.
— Мы заўсёды цікавімся сям’ёй, у якую аддаём ката ці сабаку, — заўважае валанцёрка. — Пасля сочым за лёсам жывёлы. Абавязкова даём свае кантакты — каб звязваліся з намі, калі раптам узнікнуць праблемы. З новымі гаспадарамі кантактуем у сацсетках ці па тэлефоне. Яны пішуць, як назвалі новых сяброў, як з імі жывецца.
Валанцёры ўжо крыху авалодалі ветэрынарнымі навыкамі. Падчас размовы Васіль і Аксана спрытна ў чатыры рукі перавязваюць лапу чорна-белай котцы Мілцы. Котку жартаўліва называюць баявой — пасля бойкі з сабакам ёй нават хацелі ампутаваць пашкоджаную лапку. Але абышлося без аперацыі, і чатырохлапая Мілка ўжо чакае новых гаспадароў.
Без прафесійнай ветэрынарнай дапамогі ўсё ж не абыходзіцца. Часам даводзіцца звяртацца па кансультацыю праз тэлефон, часам трэба несці жывёлу да доктара.
— Раз ёсць магчымасць, хацелі б праз газету падзякаваць вілейскаму ветэрынару Уладзіміру Качкану, — дадаюць валанцёры. — Ён нас бясплатна кансультуе і вельмі дапамагае.
Заліваць лекі кацянятам — для валанцёраў ужо звыклая справа.
«Хочацца, каб аб прытулку ведала як мага больш людзей»
Аксана паказвае вялікую кардонную каробку з надпісам «Прытулак «Хачу дамоў». Кожную нядзелю валанцёры садзяць у яе сваіх гадаванцаў і выходзяць на вілейскі рынак. Гэта магчымасць і аддаць жывёл у добрыя рукі, і заявіць аб існаванні прытулку.
Не ўсе бяруць жывёлак, але ўсе падыходзяць. Міма такіх пысак прайсці немагчыма! — кажа Аксана. — Мінулым разам нам на рынак прынеслі вялікі пачак корму, мяса, давалі грошы. Мы вельмі ўдзячныя ўсім!
У прытулку кажуць, што віляйчане — людзі добрыя і чулыя да праблем жывёл. Ледзь не кожны мае сваю гісторыю пра дваровага ката, якога пастаянна падкормлівае. Але ёсць і тыя, хто пры дапамозе прытулку хоча пазбавіцца ад уласных клопатаў: своечасова не стэрылізавалі котку, а пасля кацянят падкідваюць у прытулак.
Падчас перавязкі.
На пытанне, чаму свой вольны час цягне прысвяціць чатырохлапым, Васіль адказвае каротка: — Шкада іх. Без нас прападуць.
— Да таго ж хочацца даць добры прыклад дзецям, — дадае Аксана. — Сярод валанцёраў шмат школьнікаў. Хай бачаць, што, нягледзячы на розны ўзрост, мы разам робім адну важную справу.
У будучыню прытулку валанцёры глядзяць упэўнена.
— Я перакананы, што ён не знікне, — кажа Павел. — Ёсць запатрабаванасць, ёсць зацікаўленасць людзей. Вясной збіраемся зрабіць вальер для сабак, падрамантаваць будынак. Так што прытулак будзе жыць.
Валанцёр Васіль з баявой коткай Мілкай.
Чым вы можаце дапамагчы прытулку?
Самае неабходнае і важнае, што вы можаце прапанаваць гадаванцам, — гэта, вядома, сваю любоў, пяшчоту і новую сям’ю.
Калі ж прыняць пухнатага сябра няма магчымасці, то дапамагчы можна справай: у прытулку заўсёды рады новым валанцёрам.
Сюды можна прыносіць ежу — мяса, рыбу, сухі корм. У матэрыялах для ўцяплення будынка патрэбы ўжо няма. Валанцёры кажуць, што з дапамогай неабыякавых віляйчан ужо назбіралі неабходныя.
Асабліва ўдзячныя ў прытулку будуць за пераноскі для катоў і сабак. З імі лягчэй хадзіць на рынак і да ветэрынара.
Таксама заўсёды трэба грошы — на іх набываюць лекі, стэрылізуюць жывёл, утрымліваюць будынак, у якім месціцца прытулак.
Грошы можна і перадаваць наяўнымі, і пераводзіць на адмысловы банкаўскі рахунак: Беларусбанк, 9112000160693632, дзейсны да 12/21.
Справаздачы за кожны патрачаны рубель валанцёры выкладваюць на сваіх старонках у сацсетках.
Па агульных пытаннях можна звяртацца да Паўла Хаванскага (8029 567 50 70), пытанні па шчанюках можна накіроўваць Аксане Чыжыкавай-Кузьміной (8029 761-86-83).