У 2015 годзе амерыканскі гісторык шведскага паходжання Пэр Андэрс Рудлінг апублікаваў сваё даследаванне ранняга этапу беларускага нацыяналізму. Кніга «Уздым і заняпад беларускага нацыяналізму. 1906—1931» выйшла ў Пітсбургу (Per Anders Rudling. The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906—1931. Pittsburgh, 2015. 436 p.).

Рудлінг мае перавагу над беларускімі гісторыкамі найперш таму, што не вінен «аддаваць належнае» ідэалогіі ці карпарацыйным звычкам беларускіх гуманітарыяў, таму многія думкі гучаць смела, нават правакацыйна.

Дзякуючы гэтаму, паўстае даволі нязвычная для беларускага вока гісторыя, у якой Беларусь — не «храм і сабор», а «a borderland terrain, social project, and political tool» («пагранічная тэрыторыя, сацыяльны праект і палітычны інструмент»).

Абое рабое. Пра дзяржаўнасць БНР і БССР

Адна з самых дынамічных частак кнігі — «Six Declarations of Statehood in Three years. Origins of a New National Mythology» («Шэсць абвяшчэнняў дзяржаўнасці за тры гады. Вытокі новай нацыянальнай міфалогіі»).

Ці адбылася БНР? Для Пэра А. Рудлінга гэта лёгкае пытанне. Што БНР ніколі не рэалізавалася як дзяржава «in any sense of the word» («у якім-кольвечы сэнсе слова»), ён не ставіць пад сумненне. Але даволі спакойна ў тым жа рэчышчы ён ацэньвае і БССР — як протадзяржаву: «By the mid-1920s the BSSR, while a proto-state, was emerging as an increasingly self-confident new European political entity» («У сярэдзіне 1920-х БССР, пакуль што протадзяржава, паступова пераўтваралася ва ўсё больш упэўнены ў сабе, новы еўрапейскі палітычны арганізм»).

Далейшы аналіз дазваляе яму паказаць, што і БНР, і БССР мелі немалое гістарычнае значэнне. Хай спачатку эфемерныя, гэтыя спробы надалей уплывалі на беларускі нацыяналізм як такі: «the multiple, serious attempts to establish Belarusian statehood were a landmark in the intellectual history of Belarusian nationalism» («шматлікія сур’ёзныя спробы ўсталяваць беларускую дзяржаўнасць былі вяхой у інтэлектуальнай гісторыі беларускага нацыяналізму»).

У гэтым сэнсе значэнне БНР выражалася найперш у яе «нацыянальным сімвалізме». «Ironically, to a large extent the BNR came to be remembered and commemorated for its symbolic acts that, at the time, had no or little practical importance» («Дзіва што БНР успаміналася і шанавалася ў значнай ступені дзеля яе сімвалічных актаў, якія, на той момант, не мелі зусім ці мелі малую практычную важнасць»).

Хаця БНР не мела дэмакратычнай легітымнасці (р. 82), яна абумовіла змену настрояў у Маскве: «The impact of a rich plethora of journals, which argued that Belarusian was a separate language, appears to have had a significant impact on the elites, not least the Bolsheviks» («Уплыў таго моцнага багацця часопісаў, якія даводзілі, што беларуская — самастойная мова, здаецца, меў значны ўплыў на эліты, не ў апошнюю чаргу на бальшавікоў»). Пры гэтым ён, аднак, падкрэслівае, што гэта было б немагчыма без прыхільнага стаўлення да «прыгнечаных» нацыяналізмаў, уласцівага Леніну і Сталіну.

Вось жа, калі ў лютым 1920 Пілсудскі ацэньваў узровень развіцця і ўплыву беларускага нацыянальнага руху як «фікцыю», то Рудлінг яму пярэчыць: «Yet Anton Lutskevich understood the importance of fiction, or nationalist imagination» («Але Антон Луцкевіч разумеў важнасць фікцыі, іншымі словамі — нацыяналістычнага ўяўлення»). У вывадах ён паўтарае гэтую думку: «The BNR may have been a fiction, but a powerful one with an enduring and significant sway over the nationalist imagination» («БНР магла быць фікцыяй, але важкай, з трывалай і значнай уладай над нацыяналістычным уяўленнем»).

Яшчэ адным важным выпадкам спробы стварыць беларускую дзяржаву ў разгляданы перыяд з’яўляецца для Рудлінга паход Балаховіча: даследчык падкрэслівае, што акцыі Балаховіча — гэта «the most formidable «Belarusian» military challenge to the Bolsheviks» («найбольш унушальны «беларускі» вайсковы выклік бальшавікам»). Як вядома, ягоныя войскі занялі частку Палесся і 12 лістапада абвясцілі незалежнасць Беларусі. Рудлінг не абмінае некаторыя «балючыя» моманты гісторыі — напрыклад, авантурнасць Балаховіча (Пілсудскі выказваўся пра яго скептычна: «Today he is a Pole, tomorrow hell be a Russian, the day after, a Belarusian and the following day perhaps an African» — «Сёння ён паляк, заўтра ён будзе расейцам, паслязаўтра беларусам і на наступны дзень, можа, афрыканцам») ці той факт, што ў ягоным войску пераважалі небеларусы. Асаблівую ўвагу Рудлінг надае гвалту, учыненаму гэтай «беларускай арміяй» у дачыненні да габрэйскага насельніцтва.

Беларускі нацыяналізм у міжваеннай Польшчы: мабілізацыя і задушэнне

Актывісты беларускага нацыяналізму ў Заходняй Беларусі былі ў зусім іншай сітуацыі. Ніякай эмансіпацыйнай праграмы польская эліта не прапанавала. Польская дзяржава ад пачатку выявіла імкненне да пераўтварэння сваіх новых дзяржаўных межаў у этнічныя і функцыянавала як «the new nationalizing state» («новая нацыяналізуючая дзяржава»).

Аб ідэалагічным клімаце і мэтавызначэнні новай польскай дзяржавы сведчаць наступныя прыклады. Раман Дмоўскі, лідар польскіх нацыянал-дэмакратаў, «did not trust Wilson, whom he regarded as a «tool of the Jews«, nor David Lloyd George, who, Dmowski later claimed, «acted like an agent of the Jews» («не давяраў ані Вільсану, якога ён уважаў за «прыладу габрэяў», ані Дэвіду Лойду Джорджу, які, на думку Дмоўскага, «дзейнічаў як агент габрэяў»). Гарантыі нацыянальным меншасцям, дадзеныя Дмоўскім ад імя Польшчы, для лідара эндэкаў былі «deeply embarrassing» («моцна абцяжарвалі»), бо ён быў перакананы, што пагадненне было вынікам кантролю габрэяў над заходнімі лідарамі. Нават Пілсудскі, які публічна выступаў за паразуменне нацый, ставіўся да ідэі нацыянальнага супрацоўніцтва цынічна. У прыватнасці, «in private Piłsudski voiced his misgivings that he would not want to discuss plans of federation «without a revolver in my pocket» («прыватна Пілсудскі выказваўcя ў тым сэнсе, што ён не хацеў бы абмяркоўваць планы федэрацыі «без рэвальвера ў кішэні»).

Аднак у эпоху ідэалагічнага дамінавання эндэкаў польская дзяржава выявіла сваю няздольнасць ажыццявіць пастаўленыя мэты. Фінансавы хаос і вострая палітычная канкурэнцыя прывялі да таго, што асіміляцыя нацыянальных меншасцяў не была эфектыўнай. Хаця адпаведныя меры прымаліся: закрыццё беларускіх школ, вайсковая каланізацыя і маніпуляцыі з перапісамі з’яўляюцца прыкладамі гэтай палітыкі.

Беларускі нацыяналізм, безумоўна, не прызнаваў права палякаў на тэрыторыю т. зв. Заходняй Беларусі. Праз гэта ён аказаўся ў кантэксце рэгіянальнай канкурэнцыі Каўнаса, Варшавы і Масквы / Менска. У 1921—1925 Заходняя Беларусь перажыла партызанскую барацьбу, інспіраваную Літвой і СССР. Яна, на думку Рудлінга, не дасягнула вялікіх маштабаў: «[t]he vast majority of the population had no experience of social and political mobilization of any kind» («пераважная большасць насельніцтва не мела досведу сацыяльнай і палітычнай мабілізацыі нейкага кшталту»). Але гэта не значыць, падкрэслівае даследчык, што беларускае насельніцтва прымірылася з польскім парадкам. Якраз наадварот: да сярэдзіны 1920-х сацыяльны попыт на арганізаванае, легальнае палітычнае супраціўленне істотна вырас.

Так Рудлінг пераходзіць да гісторыі БСРГ, якую ён ацэньвае вельмі высока: «a champion of national and class rights of the West Belarusians» («абаронцы нацыянальных і класавых правоў заходніх беларусаў»).

Прычына поспеху БСРГ відавочная — у сумяшчэнні нацыянальных і сацыяльных патрабаванняў (што было вельмі важна «[i]n West Belarus — the least developed part of the Second Polish Republic» — «у Заходняй Беларусі — найменш развітай частцы Другой Рэчы Паспалітай»). Ён прыводзіць паказчыкі росту колькасці сяброў БСРГ, даводзячы такім чынам яе папулярнасць. Пры гэтым Рудлінг не пагаджаецца з распаўсюджаным меркаваннем аб тым, што БСРГ была падпарадкаваная Маскве. На думку Рудлінга, гэты рух распрацоўваў свае ідэалагічныя дактрыны (якія знаходзіліся пад відавочным уплывам нацыянал-камунізму, але не толькі), а лідары грамады мелі ўласныя парадак дня і амбіцыі.

Прыблізна праз год пасля заснавання БСРГ адбыўся пераварот у Польшчы, да ўлады прыйшоў Пілсудскі. «To the Belarusian nationalists, the choice between the old government, consisting partly of National Democrats, and military rule under Pilsudski was not obvious. Neither recognized Belarusian national aspirations as legitimate» («Для беларускіх нацыяналістаў выбар паміж старым урадам, складзеным часткова з нацыянал-дэмакратаў, і вайсковым рэжымам Пілсудскага быў невідавочны. Ні адны, ні другія не лічылі беларускія нацыянальныя памкненні легітымнымі»).

Новы рэжым выявіў шматлікія супярэчнасці. З аднаго боку, «Piłsudskis authoritarian sanacja order displayed fascist and corporatist tendencies, though it lacked the social dynamism of Nazism and Bolshevism» («У аўтарытарным ладзе Пілсудскага, рэжыме санацыі, праяўляліся рысы фашызму і карпаратывізму, хаця яму бракавала ўласцівага нацыстам ці бальшавікам сацыяльнага дынамізму»). З другога боку, у 1926 годзе новы ўрад зрабіў некалькі крокаў насустрач беларускаму нацыяналізму, перадусім у галіне школьнай палітыкі. Гэта дазволіла хутка адрадзіць заняпалую беларускамоўную адукацыю.

Фінальным эпізодам арганізаванага беларускага нацыяналізму ў Заходняй Беларусі стала дзейнасць клуба «Змаганне» і ягоны разгром у 1930 годзе. «Змаганне», паказвае Рудлінг, як арганізацыя-пераемнік БСРГ, дасягнула істотнага электаральнага поспеху на выбарах у сойм Польшчы 1928 года, атрымаўшы 26% галасоў у Заходняй Беларусі. Але на той момант сітуацыя ўжо не спрыяла беларускім актывістам. У 1930 годзе рэжым Пілсудскага канчаткова ператварыўся ў жорсткі аўтарытарызм, дзе парламент выконваў функцыю фасаду. Спынілася і вонкавая падтрымка — у 1927—1929 у БССР згортваецца беларусізацыя. 

Галоўнае пытанне: Why is there today an independent Belarus and how did this state appear?

Навошта ўвогуле Рудлінг займаецца беларускім нацыяналізмам 1900—1920-х гадоў? Даследчык лічыць, што яго аналіз можа даць адказ на шырокія пытанні аб бягучым становішчы спраў у Беларусі. «Why does the political landscape in Belarus look so different from those of its neighbors? How do we explain the relative weakness of nationalism and the divided historical memory? At the bottom of these issues looms a larger question: why is there today an independent Belarus, and how did this state appear?» («Чаму палітычны ландшафт у Беларусі так адрозніваецца ад сітуацыі ў суседніх краінах? Як можна патлумачыць адносную слабасць нацыяналізму і падзеленасць гістарычнай памяці? У падмурку гэтых праблем знаходзіцца большае пытанне: чаму незалежная Беларусь існуе і як гэтая дзяржава з’явілася?»).

Яшчэ адзін важны момант палягае ў ацэнцы самой з’явы нацыяналізму і ягонай беларускай версіі ў прыватнасці. Пануючым у заходняй акадэміі з’яўляецца недавер да нацыяналістычных праграм, якія, як лічыцца, часта вядуць да аўтарытарнай палітычнай практыкі і брутальных этнічных канфліктаў. Гэтаму ёсць нямала прыкладаў. Тым не менш Рудлінг схільны ацэньваць беларускі нацыяналізм іначай. «[I]t was mostly democratic, socialist leaning, and anticolonial, employing ethnicity, language, and culture as vehicles for agency and political empowerment» («Ён быў пераважна дэмакратычны, схільны да сацыялізму і антыкаланіяльны і выкарыстоўваў этнічнасць, мову і культуру як сродкі для абуджэння актыўнасці людзей і надання ім палітычных правоў»).

Чытайце таксама:

Чаму няма Беларусі ў парадку дня сусветнай палітыкі і культуры?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?