Суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў былых супрацоўнікаў спажывецкага кааператыва «Спектр-Капітал», які прапаноўваў пазыкі пад 70%, але не вяртаў укладчыкам грошы, да пазбаўлення волі на тэрмін ад 7 да 10 гадоў.

Старшыня праўлення кааператыва Любоў Кашэўская прызнаная вінаватай па ч.4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае групай асоб у асабліва буйным памеры), ч.2. арт. 235 (легалізацыя матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых злачынным шляхам). Па сукупнасці злачынстваў ёй прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 10 гадоў з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. У яе канфіскуюць маёмасць.

Надзея Дубінская і Вольга Трасько прызнаныя вінаватымі па ч.4 арт. 209. Першай прызначана пакаранне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці. Другая прысуджаная да 7 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці.

Акрамя таго, усіх фігурантак прызналі вінаватымі па ч.1 арт. 427 (службовы падлог). У адпаведнасці з п. 3 ч.1 арт. 29 КПК яны вызваленыя ад адбыцця пакарання па гэтым артыкуле ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці. Яшчэ адзін удзельнік ашуканскай схемы - Аляксандр Ганчароў - знаходзіцца ў вышуку.

Нагадаем, мікрафінансавая арганізацыя складала дамовы пазыкі, абавязваючыся выплачваць працэнты ў залежнасці ад унесенай сумы, аж да 70%. Аднак грошы людзям не вярталіся — замест гэтага фірма прапаноўвала новую дамову на больш выгадных умовах, альбо ўкласціся ў выгадныя праекты, напрыклад, будаўніцтва шматфункцыянальнага адміністрацыйна-гасцінічнага комплексу.

У выніку ад дзейнасці фінансавай піраміды пацярпелі 220 чалавек. Сума шкоды, нанесенай падманутым укладчыкам, перавышае 20 мільярдаў старых рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?