Судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда разгледзела сёння ў апеляцыйным парадку крымінальную справу ў дачыненні да абвінавачанага ў гібелі дзвюх студэнтак у ДТЗ. Мінгарсуд змякчыў прысуд абвінавачанаму, пра гэта auto.tut.by распавяла памочнік старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.
19 снежня 2016 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў абвінавачанага вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч.2 арт. 144 КК (прычыненне смерці па неасцярожнасці) і прысудзіў яго да 5 год пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама абвінавачаны пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, тэрмінам на 5 гадоў.
Бок абароны ў ходзе апеляцыйнага разгляду адзначыў, што прысуд нематываваны, заснаваны на здагадках, а высновы не адпавядаюць фактычным абставінам справы, пакаранне не адпавядае цяжкасці злачынства, неабгрунтавана жорсткае і несправядлівае.
Мінгарсуд змякчыў прысуд абвінавачанаму: замест адбыцця пакарання ў калоніі агульнага рэжыму яму прызначана пазбаўленне волі ў калоніі-пасяленні.