Улады Кітая спрабуюць стрымаць самую небяспечную з 2013 года эпідэмію птушынага грыпу ў краіне. Са студзеня прынамсі 87 чалавек памерлі ў Кітаі ад гэтай хваробы. Усяго ў краіне зафіксавана больш за 260 выпадкаў захворвання вірусам H7N9, піша ВВС.

Улады пачалі закрываць птушыныя рынкі ў паўднёвых і цэнтральных рэгіёнах краіны. Уведзеныя павышаныя меры кантролю пры транспарціроўцы птушак.

Па словах кітайскіх уладаў, большасць выпадкаў заражэння на грып — вынік кантактаў са свойскай птушкай. Часцей за ўсё гэта адбываецца на рынках або фермах.

Цяпер улады просяць насельніцтва пазбягаць непасрэдных кантактаў з птушкамі.

Работнікаў аховы здароўя вучаць распазнаваць раннія сімптомы птушынага грыпу.

Сёлета вірус менш выразна праяўляе сябе ў свойскай птушкі. Часта сімптомы застаюцца незаўважнымі. Пры гэтым у людзей захворванне працякае ў больш цяжкай форме і часцей, чым раней, прыводзіць да смерці.

Эксперты крытыкуюць улады Кітая за тое, што яны недастаткова аператыўна рэагуюць на эпідэмію.

Чатыры гады таму ў Кітаі адбылася буйная ўспышка птушынага грыпу, якая забрала жыцці некалькіх дзясяткаў чалавек. Тады ў краіне пачалася паніка: людзі хадзілі па вуліцах у масках, масава знішчалася свойская птушка, многія кітайцы імкнуліся не наведваць грамадскія месцы.

Курыцу прыйшлося прыбраць з меню школ і харчавання на самалётах. Многія кітайцы адмаўляліся ад мяса птушкі з-за страху захварэць на грып.

Пакуль у краіне няма такой панікі, піша Рэйтэр. Многія кітайцы і работнікі сетак рэстаранаў хуткага харчавання заявілі агенцтву, што не ведалі, наколькі буйной аказалася цяперашняя ўспышка птушынага грыпу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?