23.07.2008 / 23:47

Гендэр-шмендэр 7

Галоўны трансьлятар паказаў хлопчыка. Маленькі такі хлопчык, харошы. І паказалі яго менавіта таму, што харошы і што хлопчык. Піша ў сваім блогу Сяргей Дубавец.

Галоўны трансьлятар паказаў хлопчыка. Маленькі такі хлопчык, харошы. І паказалі яго менавіта таму, што харошы і што хлопчык. Піша ў сваім блогу Сяргей Дубавец.

Што вы ўсё гендэр, гендэр... Сацыяльная роля жанчыны ў сёньняшняй Беларусі – абслугоўваць і асабліва не паказвацца. Прынамсі, такі мэсыдж мы атрымліваем з самага верху.

Вось паглядзіце. Галоўны трансьлятар паказаў хлопчыка. Маленькі такі хлопчык, харошы. І паказалі яго менавіта таму, што харошы і што хлопчык. Бо пры нашай сакрэтнасьці, дружа Ватсан, можна толькі ўяўляць, колькі там яшчэ за ўвесь час магло быць і “нехарошых”, з фіфектамі, якім проста нічога не сьвяціла. Але самая галоўная вартасьць нашага хлопчыка, дружа Ватсан, – ягоны пол. Бо калі б там, крый божа, была яшчэ і дзяўчынка, дык дзяўчынцы ўвогуле – ніякіх шанцаў. Герасім і му-му. Разумееце, пра што я? А цяпер паспрабуйце дэдуктыўна разьвіць гэтую думку.

Ніякіх шанцаў не было ня толькі ў гіпатэтычнай дачкі, але публічна была пазбаўленая права на сваё мацярынства маці харошага хлопчыка. Такім чынам, адзін за адным былі зьнівэляваныя нашы акадэмічныя інстытуты дачкі, жонкі, маці... У бітве з галоўным трансьлятарам палі ня толькі ўсе вашы, Ватсан, фэмінісцкія замарочкі, але і ўсё тое, што называецца традыцыйнымі каштоўнасьцямі. Ёсьць мужчына – казак. А ўсе астатнія – у лепшым выпадку, каля стала, у горшым – безыменныя вытворцы працягу роду. Так было, між іншым, дзе-небудзь у Сечы. Казаку забаранялася мець жонку (але дазвалялася хадзіць налева-направа), а значыць, сям’ю і маёмасьць. Менавіта Сеча, Ватсан, стала правобразам расейскага бальшавізму, які ў маладосьці сваёй ня толькі пагонаў не прызнаваў, але і маёмасьці, сям’і, жонкі. Пры актыўным заахвочваньні пладзіцца і размнажацца.

Ну, вы скажаце, дзікія норавы. Але ж неяк вылезьлі яны проста ў 21-м стагодзьдзі і ня дзе-небудзь у дэструктыўнай секце, а ў галоўным трансьлятары. А паколькі трансьлятар у нас афіцыйна – зусім ня сродак інфармацыі, а сродак прапаганды, ідэалогіі, то што з гэтага вынікае?.. Вось так, Ватсан. Галоўнае – не рабіць дзяўчынак, інакш – бракароб. Яны сапраўднаму казаку ні роду не працяг, ні на пасадзе не пераемнік.

Пра вас я, натуральна, жартую. Даруйце, калі пакрыўдзіў. Мы з вамі цудоўна ведаем, што ўсё гэта адносна нашай нацыянальнай гісторыі – выбрыкі мамалётныя. Некалі ўсё сплыве як глупства, невуцтва і амаралізм. І па-ранейшаму будуць у нас сьпяваць песьні і пра дачку, і пра жонку, і пра матулю. Гэта сёньня выбрыкі “заходзяць” у сьвядомасьць мас як парадокс, бо надта ж усё нечакана. Як пра “харошага” Гітлера ці пра вершы Быкава. Галоўны трансьлятар працуе на безальтэрнатыўнай аснове і таму нічым не гарантаваны ад выбрыкаў. Бо нішто сказанае не адцяняецца і не падсьвечваецца іншай думкай. Царква сабе мірна працягвае свае культы жанчыны – ад першай камуніі да багародзіцы, але царква не выступае ў ролі маральнага аўтарытэту да такой ступені, каб яе пастулаты чалавек мог суадносіць з тым, што бачыць у галоўным трансьлятары. Быкава ў апошнія гады жыцьця цалкам пазбавілі магчымасьці гаварыць з народам, ізалявалі. Яго калегі з найбуйнейшых пісьменьнікаў, хто мае патэнцыял маральнага аўтарытэту, усе маральна ж інтэрнаваныя. Побач з уладай засталася толькі служба сервіроўкі стала.

Калі-небудзь напішуцца навуковыя працы пра гэтыя парадоксы і спатрэбіцца шмат высілкаў, каб вярнуць у галоўны трансьлятар маці, жонку, дачку. Можа быць, у параўнаньні з сёньняшнім цыркам гэта будзе выглядаць ня так жыва і парадаксальна, і таму будуць закліканыя сапраўдныя таленты і прафесіяналы. Але ўсё гэта будзе. Бо не мяняецца характар народа за 14 гадоў, нават за 100 не мяняецца.

А ведаеце, Ватсан, чым скончылі казакі? Ды прыблізна тым самым, што і бальшавікі. Неяк зайшлі яны на Беларусь, “гульнулі” тут напоўніцу, гарады папалілі-паруйнавалі-парабавалі, людзей перабілі масава. Асабліва ім падабалася немаўлят у студні кідаць. Аж пакуль урадавыя войскі ня рушылі ім напярэймы. Ну, і пасадзілі байцоў на калы – такое ім было прыдумана “гендэрнае” пакараньне. Так бы мовіць, калі які мача да нас са сваім калом прыйдзе, той ад кала і загіне. Вось пасадзілі іх, і зноў сталі свае даўнія песьні сьпяваць. І пра дачку, і пра жану, і пра маці.

Сяргей Дубавец, naviny.by

0
zamordowanesloniatko / Адказаць
24.07.2008 / 01:44
Сапраўды, дзікі нораў і сапраўдны бальшавізм у дзяржаўнай ідэалогіі. Але прыйдзе час і на беларусі да "гендэрнага пакарання". Бяз веры ў гэта немагчыма жыць.
0
жывіца / Адказаць
24.07.2008 / 18:43
А чаму б не ліквідаваць(адабраць, забараніць) усе жаночыя імёны ды прозьвішчы? Пакінуць: мэдработніца, тынкоўшчыца,малаказдаччыца,касманаўшчыца...Цуд! І тады будзе:"а як завуць тваю маці? - "...цэнтрвыбаркамаўшчыца!!!"
0
Західнык / Адказаць
25.07.2008 / 10:35
На вялікі жаль, шаноўны сп.Дубавец прымяніў сумніўны прыём гістарычнай містыфікацыі, альбо прыцягваньня гістарычна сумніўных зьвестак за вушы дзеля атрыманьня жаданага "эсэісцкага" эфэкту. Можна па-рознаму ставіцца да бальшавікоў, але варта аддзяляць гістарычны факт ад прапагандысцкіх клішэ. Пра "нацыяналізацыю жанок бальшавікамі" можна прачытаць тут: http://scepsis.ru/library/id_2045.html
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру