21.02.2017 / 09:16

Выйшаў новы выпуск альманаха «Вілейскі павет» 2

«Вілейскі павет» — гэта зборнік публікацый, прысвечаных найперш канкрэтнаму рэгіёну: сучаснаму Вілейскаму раёну і тэрыторыям, якія ў розныя часы ўваходзілі ў межы Вілейскага староства, Вілейскага павета, Вілейскай вобласці. Матэрыялы таксама закранаюць і гісторыю сумежных раёнаў.

«У гэтым выпуску вялікая ўвага скіравана за межы цэнтра — па-за Вілейку. Найбольш публікацый пра вёскі і мястэчкі былога павета. Даўгінава, Іля (Ілля), Багданава… Публікуецца пераклад кнігі «Мой тата» Тадэвуша Козел-Паклеўскага. Гэта нашчадак са слаўнага роду паўстанцаў 1863 года з вілейскіх Кастык, польскі прафесар гісторыі. І кніга — успамін пра бацьку аўтара, таксама Тадэвуша, памешчыка з Вілейскага павета», — адзначаюць укладальнікі кнігі.

Дзяніс Лісейчыкаў і Анатоль Сцебурака звярнуліся да гісторыі Беркаўскай парафіі ў сённяшнім Мядзельскім раёне, а некалі Вілейскім павеце. Яны прасачылі стварэнне і знікненне, адшукаўшы ўнікальныя дакументы.

Ураджэнец вілейскай Ілі Ілірык Вараўка, які больш за шэсдзясят гадоў жыве ў Польшчы, прасачыў гісторыю з’яўлення назвы свайго роднага мястэч­ка. А таксама апісаў, як і чаму спрадвечная Іля ператварылася ў Іллю (Ілью). Менавіта з гэтага тэксту, калі ён будзе ўважліва прачытаны, можа пачацца вяртанне правільнай назвы мястэчку. Адсутнасць эмоцый, а толькі факты, падмацаваныя крыніцамі.

Паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч апублікаваў працяг сваіх успамінаў. Выкладчыцкія будні, жыццё творчага чалавека, узлёты і падзенні… На гэты раз гэта перыяд з 1966 па 1992 гады (пачатак успамінаў надрукаваны ў «Вілейскім павеце. Выпуск 1» у 2014). Часам ён расказаў вельмі асабістыя рэчы, пра якія раней так адкрыта не наважваўся казаць.

Міхась Міхалевіч прачытаў манаграфію «Вілію і яе берагі» графа Канстанціна Тышкевіча і параўнаў, якая рыба лавілася ў Віліі 150 гадоў таму, а што можна вывудзіць сёння. Аўтар наведаў дзясяткі вёсак па берагах ракі як на беларускім, так і літоўскім баках. Сабраў шмат сведчанняў людзей, якую рыбу як трэба лавіць. А таксама рэцэпты гатавання.

Сярод іншых аўтараў гадавіка — Віктар Жыбуль (працягвае публікаваць спадчыну нашаніўца Вульфа Сосенскага), Аляксандр Зайцаў, Анатоль Капцюг, Вольга Коласава.

Першы выпуск «Вілейскага павета» выйшаў у 2014 годзе. Ідэя выдання палягае ў тым, каб даць друкаваную пляцоўку для абмену матэрыяламі краязнаўцам, прафесійным гісторыкам, музейшчыкам па Вілейшчыне. Пошукі і знаходкі, радаводы, уражэнцы і тыя, хто тут жыў, паўстанні і войны. Гэта не толькі публікацыя новых арыгінальных тэкстаў, але і пераклад на беларускую мову даследаванняў, цэлых кніг з замежных моў, прысвечаных акрэсленаму рэгіёну. Публікуюцца ўспаміны, архіўныя дакументы, лісты, дзённікі.

Укладальнікі гадавіка — Сяргей Макарэвіч і Дзяніс Канецкі.

Выданне выходзіць пры падтрымцы дабрачыннага фонду «Вяртанне».

0
Здорава / Адказаць
21.02.2017 / 10:56
Сказалі "А", скажыце "Б"! -- дзе можна набыць анансаваны збонік?
0
Jan / Адказаць
21.02.2017 / 12:36
Здорава, вось тут глядзіце https://januskevic.by/catalog/historia/3486/
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру