Ветэрынарныя службы робяць больш жорсткімі кантроль за ўтрыманнем птушак у вёсках, звязаных з птушкафабрыкай «Дружба», пра гэта паведамляе баранавіцкі партал intex-press.by. Прычына — пагроза птушынага грыпу. Усе, хто працуе ў СВК, філіялах птушкафабрыкі, павінны будуць ад птушкі пазбавіцца. Астатніх жыхароў вёсак абавяжуць трымаць птушак у закрытых вальерах.

«Рыхтуйцеся, каб у дварах птушкі не было»

СВК «Агра-Стайкі» — філіял птушкафабрыкі «Дружба». У СВК, які ў 2008 годзе далучылі да «Дружбы», разводзяць кароў, вырошчваюць пшаніцу, буракі і г.д. На птушкафабрыку ў Жамчужны работнікі СВК амаль не ездзяць. Аднак 7 лютага на сходзе працаўнікам «Агра-Стайкі» паведамілі, што ім прыйдзецца знішчыць хатнюю птушку. Хоць дакладнага распараджэння і тэрмінаў выканання яшчэ не было.

— Сказалі: «Рыхтуйцеся, каб у дварах птушкі не было». Сказалі, гэта трэба, каб інфекцыя ў выпадку чаго не дайшла да фабрыкі. У мяне 20 курэй, а ў людзей — і індыкі, і гусі. Яны ж укладвалі грошы, вырошчвалі іх, а тут проста вазьмі і знішчы. Ніхто не ведае, што будзе далей, — кажа Аляксей *, работнік філіяла.

Стайкі знаходзяцца за 30 км ад «Дружбы». Тут пражывае каля 400 чалавек. Чаму тыя, хто не ездзіць на птушкафабрыку, павінны пазбаўляцца ад птушкі, людзі не разумеюць.

— Гэта называецца «біце сваю птушку і купляйце «дружбаўскую». Птушкафабрыцы сваю прадукцыю збываць трэба, — кажа Ірына, адна з работніц філіяла.

Збянтэжаныя і пенсіянеры:

— Як я магу курыцу ў вальер засадзіць? Што яна знясе тады?

«Такі закон існуе даўно»

У кантрактах тых, хто працуе непасрэдна на птушкафабрыцы, прапісана, што яны не маюць права трымаць хатнюю птушку. Аднак ці ёсць такая ўмова ў кантрактах у тых, хто працуе ў СВК «Агра-Стайкі», невядома. Адны кажуць, што не памятаюць, ці ёсць такі запіс, іншыя — што кантракт не чыталі. Аднавяскоўка Кацярына, якая працуе ў філіяле, запэўнівае, што ў яе ў кантракце графы аб забароне на хатнюю птушку няма.

— Нам сказалі, што ўжо ў траўні ўсім работнікам дадуць такія кантракты. Калі скажуць рэзаць курэй, то аддам іх сястры або ў іншую вёску. Людзі настроеныя трымаць птушку, але і працу губляць не хочуць, — кажа Каця.

Міхаіл Палазок, намеснік гендырэктара па сельгасвытворчасці птушкафабрыкі «Дружба», кажа, што забарона на ўтрыманне хатняй птушкі для работнікаў філіяла ёсць, проста раней на яе закананне глядзелі праз пальцы.

— Для ўсіх работнікаў фабрыкі, у тым ліку і для супрацоўнікаў філіялаў, такі закон існуе даўно. Але пакуль не было пагрозы, мы спакойна да гэтага ставіліся. А зараз мы вымушаныя паступаць так, — тлумачыць ён.

Мікалай Цянюшка, дырэктар філіяла «Агра-Стайкі», удакладняе, што «рашэнне яшчэ не канкрэтнае, а толькі папярэдняе». Але калі птушку ўсё-такі давядзецца знішчаць, то рабіць гэта будуць ва ўсіх вёсках, звязаных з птушкафабрыкай: у Прыазёрным, Гарадзішчы, Сеўруках, Палонцы, Застарынні, Пачапаве.

Галоўны ветэрынарны доктар птушкафабрыкі «Дружба» Віктар Мішкевіч упэўнены, што рашучых мер не пазбегнуць. Ён кажа, што «мерапрыемствы, якія праводзяцца, маюць прафілактычную скіраванасць, але зрабіць іх трэба максімальна хутка — на працягу тыдня».

— Раней ў Еўропе былі толькі адзінкавыя выпадкі птушынага грыпу. Цяпер гэтых выпадкаў — сотні. Тут не стаіць пытанне аб тым, што птушку трэба выразаць, але людзі павінны зрабіць выбар: калі яны хочуць гадаваць хатнюю птушку, то працаваць у нас яны не змогуць, — кажа Віктар Мішкевіч.

Ветурач растлумачыў, што птушкафабрыка накіравала спісы работнікаў прадпрыемства сельсаветам і ветэрынарнай службе, і супрацоўнікі гэтых арганізацый «будуць рабіць подворны абыход».

— Я думаю, што гэта работа, як мінімум, зойме люты і палову сакавіка. Галоўнае, паспець да пачатку міграцыі птушкі. Цяпер Беларусь ад птушынага грыпу вольная, але ў 22 краінах Еўропы ўжо зафіксаваны ўспышкі захворвання. А ім могуць хварэць і людзі, — адзначае Віктар Мішкевіч.

Пенсіянерам і тым, хто на птушкафабрыцы не працуе, будзе дазволена трымаць птушку ў клетках, каб яна не магла свабодна перасоўвацца. Зверху клетка таксама павінна быць накрытая сеткай.

Як доўга будуць дзейнічаць такія строгія правілы, ніхто не ведае — гэта будзе залежаць ад сітуацыі.

А як у Русіне

На «Баранавіцкай птушкафабрыцы» растлумачылі, што на вытворчасці, згодна з кантрактам, выключана ўтрыманне птушак на асабістых падворках работнікаў птушкафабрыкі. Гэта адносіцца і да тых, хто працуе на сельгасучастках.

— Калі хто-небудзь хоча трымаць курыцу — калі ласка, але тады няхай піша заяву і мы яго звольнім, — кажа Intex-прэс Яўген Хілько, гендырэктар «Баранавіцкай птушкафабрыкі».

Паводле яго словаў, узамен на забарону ўтрымліваць курэй прадпрыемства прадае сваім работнікам шэсць дзясяткаў яек па сабекошце: па 60 капеек за дзясятак (у краме па 1,90 руб.).

— Калі на фабрыцы нешта здарыцца, то людзям не будзе дзе працаваць. Мы не маем намеру рызыкаваць такімі рэчамі. Хвароба наблізілася да межаў Беларусі: Польшча, Германія, Украіна, Расея. Мы акружаны гэтай інфекцыяй. 

Мы абавязаны выконваць такія жорсткія патрабаванні, бо афрыканская чума свіней — гэта бяда, а птушыны грып — гэта катастрофа. Свінні не лётаюць, а птушка можа занесці на фабрыку інфекцыю, — кажа Яўген Хілько.

* Імёны работнікаў СВК «Агра-Стайкі» змененыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0