Захаванне моўнага пытання ў грамадскім парадку дня з’яўляецца адным з асноўных дасягненняў т. зв. этнанацыяналізму ў Беларусі.

Пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць, адным з асноўных беларускіх пытанняў стала моўная праблема. Узнятая беларускай інтэлігенцыяй у канцы 1986 года, яна ўжо ніколі не сыходзіла з парадку дня, стаўшы важнай частка палітычнага працэсу ў краіне.

Заснаваны ў 1988-м Народны фронт зрабіў моўную праблему адной з цэнтральных у сваёй праграме, што стала адначасова і палітычным рэсурсам, і грузам (уяўленне аб тым, што БНФ клапоціцца толькі пра мову, было вельмі пашыраным). Але не толькі БНФ імкнуўся выкарыстаць узрост нацыянальнага пачуцця. У 1989—1990-м Гарбачоў паспрабаваў выкарыстаць суверэнітэт рэспублік як процівагу ўплыву РСФСР. Так з’явіўся ў тым ліку і беларускі моўны закон у студзені 1990 года.

Адна з найбольш важных манаграфій па тэме моўнай палітыкі 1990-х гадоў выйшла ў Мюнхене ў 2002-м. Гэта быў зборнік сацыялінгвістычных артыкулаў даследчыцы з БДУ Ніны Мячкоўскай. Яна не хавала сваёй ідэалагічнай ангажаванасці ў прадмове да рускамоўнай працы.

Яна піша, што да 1994-га галоўнай вонкавай акалічнасцю, якая ўплывала на яе даследчыцкую матывацыю, было бюракратычнае ўвядзенне беларускай мовы ў школах і дзяржаўных установах. Пасля 1994-га ніякіх акалічнасцяў, здольных заахвоціць да вывучэння моўнай палітыкі, яна ў Беларусі не заўважае.

Гэта па-свойму цікавая оптыка, вартая дыскусіі і, магчыма, маральнага асуджэння. Важна толькі, што вывучэнне ідэалогій моўнай палітыкі ў Беларусі не вычэрпваецца толькі беларускімі працамі. Так, яшчэ ў 2014-м годзе ў нямецкім Ольдэнбургу (Ніжняя Саксонія) выйшла манаграфія лінгвіста Марка Бругемана «Беларуская і руская мовы ў іхным дачыненні да беларускага грамадства і нацыі».

У адрозненне ад беларускай калегі, нямецкі навуковец бачыць мноства цікавых акалічнасцяў у беларускай моўнай палітыцы як да, так і пасля 1994-га.

Для таго, каб выявіць гэтыя акалічнасці, ён звяртаецца не да рэалізацыі моўных праграм. Прадметам даследавання ў працы з’яўляюцца менавіта ідэалогіі — выказванні тых ці іншых публічных спікераў.

З навуковага пункту гледжання, як падаецца, праца Бругемана патрабуе вельмі крытычнай ацэнкі. Методыка, якой карыстаецца аўтар, уяўляе сабой даволі спецыфічную версію дыскурс-аналізу (які сам па сабе не праблематызуецца ў працы).

Але гэта тэма для асобнай гаворкі. Пэўная метадычная нястрогасць кнігі можа разглядацца як перавага. Яна своеасаблівым чынам «разнявольвае» аўтарскую перспектыву.

У выніку ён часта дазваляе сабе не толькі аналіз, але нават дыскусію з аб’ектамі свайго даследавання. Да апошніх адносяцца, між іншым, Лукашэнка, Пазняк, Быкаў, Алексіевіч. Таму гэта вельмі цікава чытаць.

Тут трэба мець на ўвазе наступную трансфармацыю. Моўнае пытанне ў Беларусі ў 1989-м выглядала прыблізна так: як дзяржава можа падтрымаць беларускую мову? У 1994-м фармулёўка змянілася, паколькі ў перыяд пасля 1990-га быў назапашаны пэўны досвед практычнай падтрымкі беларускай мовы. Адной са «ставак» у палітычнай гульні вясны—лета 1994 і вясны 1995 года было якраз права даць правільны адказ на гэтае пытанне, якое гучала наступным чынам: ці правільны закон 1990 года і ці не варта яго змяніць? Вынікі вядомыя.

Перыяд пасля 1994-га спарадзіў новы практычны досвед. Ён добра ўсім вядомы, як і дыскусія вакол новай рэдакцыі беларускага моўнага пытання. Палітыка «двухмоўя» апраўдала сябе ці не? Адказы могуць адрознівацца. Гэтую розніцу выяўляе ў тым ліку і Бругеман.

Бругеман паказвае рускамоўных інтэлектуалаў як групу, размешчаную паміж Лукашэнкам і «нацыяналістамі». Хаця нацыяналісты ўзятыя ў загалоўку раздзела ў двукоссе, у тэксце кнігі двукоссе здымаюцца.

Роля Анісім, ТБМ наогул ці БелаПАН, іншых публічных актараў, якія паслядоўна ўздымаюць гэтае пытанне ў прэсе, у камунікацыі з простымі беларусамі, на прэс-канферэнцыях кіраўніка дзяржавы, вельмі істотная. Вядома, мае значэнне практычная работа — захады ТБМ па адкрыцці беларускамоўных школ, заахвочванні фірм да выкарыстання беларускай мовы на іхнай прадукцыі. Такіх ініцыятываў даволі шмат, і каталагізаваць іх — адмысловая асалода, але гэта павінна быць прадметам асобнай размовы.

Праца Бругемана даволі вялікая. У чым палягае галоўны поспех аўтара? Наўрад ці ў педантычным фіксаванні размаітых рэплік наконт беларускай мовы, хаця гэта даволі цікава чытаць менавіта дзеля меркаванай аўдыторыі. Бругеман рэферыруе беларускіх палітыкаў і інтэлектуалаў, журналістаў, і тлумачыць іх для нямецкага (акадэмічнага) чытача.

Так, першым выказваннем, якое разглядае Бругеман, з’яўляецца вядомая рэпліка Лукашэнкі наконт беднай беларускай і багатых англійскай і рускай моў.

У гэтай рэпліцы (сказанай на пасяджэнні Гомельскага гарадскога савета) Бругеман асаблівае звяртае ўвагу на наступны момант: «Што ён [Лукашэнка] сваё выказванне аб беларускай мове як беднай ніякім чынам не абмяжоўвае, тлумачыць меркаваную адсталасць гэтай мовы ейнымі ўнутранымі ўласцівасцямі, а не вынікамі моўнай палітыкі».

Бругеман мяркуе, што стаўленне прэзідэнта да мовы тлумачыцца ягоным сацыяльным паходжаннем («Лукашэнка гадаваўся ва ўмовах беднасці Усходняй Беларусі»), і рэальным сацыякультурным досведам савецкага грамадства, дзе руская мова была неабходнай умовай паспяховай кар’еры.

І гэтак далей, і да таго падобнае. Бругеман зноў і зноў крытыкуе Лукашэку, паказвае перакручванні, супярэчнасці, цынізм у ягоных выказваннях.

Не менш крытычна ён разглядае рэплікі апанентаў прэзідэнта, найбольш Пазняка і Трусава. Ён паказвае антыдэмакратычны характар іхных поглядаў, выяўляе эсэнцыялізм паасобных тлумачэнняў, непадмацаванасць з навуковага ці гістарычна-культурнага пункту гледжання. Не менш праблематычна паўстае ў кнізе рускамоўная інтэлігенцыя, якая імкнецца знайсці баланс паміж двума асноўнымі полюсамі беларускага моўнага дыскурсу — і не знаходзіць, лічыць Бругеман. У выніку праекты моўнай палітыкі, якія прапаноўвае Алексіевіч ці Фядута ў апытанні часопіса «ARCHE-Пачатак», выглядаюць нежыццяздольнымі.

Але паказальна, што з прычыны адсутнасці адмоўнага стаўлення да беларускай мовы ў апытанні «ARCHE-Пачатак» Бругеману давялося дадаткова залучыць у даследаванне выказванні Юрыя Баранчыка, які адкрыта выказваецца пра беларускую мову як «нонсэнс». Пры гэтым ягоная аргументацыя выяўляе эсэнцыялізм (адна мова — канечне адна нацыя). Гэта спалучаецца з падкрэсленай дэмакратычнасцю: людзі самі павінны выбіраць мову зносін, навучання, прафесіі, а мовы павінны знаходзіцца ў своеасаблівым рынкавым спаборніцтве.

Кніга вельмі цікавая. І таму, што гэта рэдкая асалода — пачытаць Лукашэнку ці Пазняка ў перакладзе на нямецкую мову. І дзеля вялікай і цікавай бібліяграфіі, змешчанай у кнізе. Яна ўтрымлівае разнастайныя заходнія публікацыі на беларускую тэматыку, ад артыкулаў пра адабранне Дома літаратара ў СБП у нямецкіх медыях да навуковых артыкулаў пра беларускі білінгвізм.

Можна толькі чарговым разам пашкадаваць, што манаграфія засталася зусім невядомая ў Беларусі і не выклікала інтэнсіўнай дыскусіі.

Заключэнне кнігі, па нямецкай традыцыі, утрымлівае не толькі падсумаванне, але і аusblick — свайго роду невялікі прагноз, датычны тэмы працы. Бругеман коратка разглядае некалькі сцэнарыяў таго, як беларуская мова можа развівацца ў далейшым.

Ці стане беларуская дзяржава падтрымліваць беларускую мову, пытае нямецкі лінгвіст. Ну, магчыма, і стане — адказвае аўтар.

Цікава звярнуць увагу на найбольш аптымальную дзяржаўную палітыку ў галіне моўнага пытання, як яе бачыць нямецкі даследчык. На думку Бругемана, мае быць створаная сістэма пазітыўнай дыскрымінацыі беларускай мовы.

Такая сістэма можа ўключаць квоты для беларускамоўных службоўцаў, паскораны разгляд заяў, напісаных па-беларуску, падатковыя льготы для фірм, якія карыстаюцца беларускай мовай у справаводстве. У галіне адукацыі Бругеман прапануе «памяркоўнае, але з кожным новым пакаленнем узрастаючае» заснаванне беларускамоўных школ і клопат пра гарантаванне бесперапыннай беларускамоўнай адукацыі ад школы да ВНУ.

І ў самым канцы кнігі ольдэнбургскі вучоны прапануе свайго роду перафармулёўку гэтага пытання ў цэлым. На некалькіх старонках у цэнтры ягонай увагі аказваюцца не ацэнка досведу школьнай палітыкі і не праблема дзяржаўнай падтрымкі пашырэння ўжытку беларускай мовы.

Як бы ні развівалася сітуацыя, падкрэслівае Бругеман, найбольш лёс беларускай мовы залежыць ад яе носьбітаў. Іх здольнасць да лабіравання, іміджавых кампаній мецьме значэнне незалежна ад спрыяльных захадаў дзяржавы. Менавіта намаганні грамадскасці, лічыць навуковец, могуць вызваліць беларускую мову ад успрымання яе як сялянскай ці фальклорнай адметнасці або палітычнай прылады нацыяналістаў, спалучыць з мадэрнасцю і еўрапейскасцю.

«Апошнія вынікі апытанняў паказваюць на тое, што такая іміджавая трансфармацыя прынамсі пачалася, не ў апошнюю чаргу дзякуючы «элітарным» інтэрнэт-праектам і групам у сацыяльных сетках. Варта пажадаць беларускай мове і яе носьбітам, каб гэтае станоўчае развіццё працягвалася», — падсумоўвае Бругеман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?