Сяргей Гайдукевіч

24 ліпеня Найвышэйшая рада і Цэнтральны камітэт Лібэральна‑дэмакратычнай партыі прынялі рашэньне не прымаць удзелу ў парлямэнцкіх выбарах, якія пройдуць 28 верасьня.

Пракамэнтаваць гэтае рашэньне мы папрасілі старшыню ЛДП Сяргея Гайдукевіча:

«Мы сур’ёзная палітычная партыя з сур’ёзнымі задачамі. На мінулым зьезьдзе было прынятае рашэньне аб вылучэньні Сяргея Гайдукевіча кандыдатам у прэзыдэнты на наступных выбарах, якія пройдуць напрыканцы 2010 ці ў пачатку 2011. Наша партыя вельмі шматлікая, але амаль усе партыйцы падтрымалі гэтае рашэньне. ЛДП не патрабуецца ў залішняй рэкляме, як іншыя партыі, таму для нас цяпер стаяць больш высокія задачы. Зразумейце, Гайдукевіч — гэта другая па папулярнасьці асоба ў Беларусі пасьля кіраўніка дзяржавы. Мне не складзе цяжкасьці перамагчы на любым з выбарчых участкаў, але ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах больш важны на сёньня».

Нагадаем, што Сяргей Гайдукевіч ужо двойчы ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх кампаніях 2001 і 2006 гадоў, дзе заўсёды займаў ганаровае трэцяе месца — адразу пасьля Лукашэнкі і адзінага кандыдата ад апазыцыі.

Зьміцер Панкавец

Камэнтар Аляксандра Фядуты

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0