15 гадоў таму — у ліпені 1993 года — Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь на падставе пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савету і Савету Міністраў прыняў рашэньне аб вывадзе з абароту савецкіх грошай і ўвядзеньні новых грашовых знакаў. Фактычна з гэтага часу разьліковыя білеты, якія людзі ў той час называлі «зайчыкамі» (на банкноце вартасьцю 1 рубель узору 1992 году быў адлюстраваны менавіта гэты зьвярок), сталі адзіным законным плацежным сродкам у наяўным абарачэньні.

Варта ўзгадаць, што напачатку — у студзені 1992 года — у рэспубліцы была ўведзена купонная сістэма. Агульнасавецкая грашовая сістэма тады пачала развальвацца, і абараніць унутраны рынак тавараў і прадуктаў харчаваньня былі закліканы купоны: пры куплі любога тавару сума ў рублях суправаджалася купонамі на суму тавару. А яшчэ празь пяць месяцаў у абарачэньні зьявіліся разьліковыя білеты, якія «хадзілі» на тэрыторыі нашай краіны разам з асноўнай грашовай адзінкай — рублём. У той час разьліковыя білеты разглядаліся як дадатковы плацежны сродак: імі выплачвалася частка зарплаты, а адзін «зайчык» прыроўніваўся да дзесяці рублёў. Купоны сьцерліся з памяці, а на рукі людзям пачалі выдаваць «вавёрак», «зайчыкаў» і г.д., наміналам 0,5, 1, 3, 5, 10, 25, 50 і 100, што адпавядала 5, 10, 30, 50, 100, 250, 500, 1000 рублёў.

— Цяпер мы маем стабільную нацыянальную валюту, курс якой прагназуецца на працяглы час, — гаворыць начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў. — Мы аб’яўляем курс загадзя — за паўтара года наперад, і вытрымліваем параметры. Такім чынам, беларускі рубель як нацыянальная валюта адбыўся. Наш рубель усё шырэй выкарыстоўваецца і ў разьліках за пастаўленую прадукцыю, хоць, безумоўна, хацелася б, каб ён прымяняўся часьцей. Насельніцтва таксама робіць свой выбар на карысьць беларускага рубля: узгадаю, што 64 працэнты ўкладаў грамадзян у банках разьмешчаны менавіта ў нацыянальнай валюце. Акрамя таго, сёлета склалася істотнае станоўчае сальда па гандлі насельніцтва наяўнай валютай: людзі сталі больш яе прадаваць, чым купляць, гэта значыць, яны пакідаюць сабе рублі як больш прывабны, чым СКВ, аб’ект зьберажэньня.

Паводле: Ігар Шчучэнка, Звязды

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0