Узровень вады на рэках Мінскай вобласці павялічваецца ў сярэднім ад 1 да 10 см у суткі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Гідрамет.

Так, за суткі ўзровень вады ў рацэ Вілія (Вілейскі раён) каля вёскі Сцешыцы вырас на 9 см. На большасці рэк рэгіёну захоўваецца ледастаў і ледастаў з палонкамі. Практычна паўсюдна адзначаецца вада на лёдзе. У сувязі з тым, што тэмпература паветра перавышае кліматычную норму, у бліжэйшыя дні на рэках рэгіёну працягнецца разбурэнне ледзянога покрыва. Па прагнозах сіноптыкаў, рост узроўняў вады працягнецца. Чакаецца, што вада выйдзе на пойму на рэках Нёман ля горада Стоўбцы і Свіслач ля вёскі Церабуты.

Паводле даных Таварыства ратавання на вадзе, таўшчыня лёду на некаторых вадаёмах перавышае 30 см. Аднак пачаліся працэсы разбурэння ледзянога покрыва, структура лёду мяняецца, месцамі ён пацямнеў, таму пры перамяшчэнні неабходна быць асцярожнымі.

У сувязі з перавагай станоўчай тэмпературы паветра ў Мінскім абласным упраўленні МНС нагадалі, што бяспечным для вагі чалавека лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 7 см. Лёд блакітнага адцення з'яўляецца самым трывалым. Лёд, які мае адценні шэрага, матава-белага або жоўтага колеру, найменш надзейны. Самы тонкі лёд, як правіла, назіраецца ў месцах упадзення ў рэчышча рэк ручаёў, у месцах змены кірунку плыні, ля абрывістых берагоў, а таксама пад тоўстым пластом снегу і ў месцах росту кустоў, дрэў у вадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0