Мінскі гурт Re1ikt зняў музычнае відэа да кампазіцыі «Drobnieńki doždžyk», створанай паводле народнай песні, якую любіў спяваць беларуcкі песняр Рыгор Барадулін.

Дата выхаду кліпа невыпадковая: 24 лютага Барадуліну споўнілася б 82 гады.

Большасць ведае Рыгора Барадуліна толькі як паэта, між тым ён быў вядомым збіральнікам беларускага фальклору, сапраўдным патрыётам сваёй малой радзімы — Вушаччыны (Віцебская вобласць). Мноства песень ён запісаў ад сваёй маці Акуліны, якая прышчапіла сыну любоў да роднай мовы і культуры. Лірычны напеў «Дробненькі дожджык» быў адным з яе любімых.

«Гэта цудоўная кампазіцыя, — кажа Аляксандр Дземідзенка, лідар гурту Re1ikt, які стварыў сваю арыгінальную версію «Дожджыка». — Яна стала больш сучаснай, экспрэсіўнай, але не страціла мяккасці. Мы змяшалі вальс і рок — атрымалася свежа і незвычайна. Камусьці падасца дзіўным, што ў рэпертуары брутальных рокераў з'явілася такая песня, а нам хацелася б разбурыць стэрэатып: мужчына таксама можа быць пяшчотным і ўважлівым, калі ён закаханы».

Для таго каб распавесці гісторыю кахання, прыдуманую напачатку 20 стагоддзя, музыкі вырашылі ўзнавіць атмасферу таго часу. Нашы прадзеды i прабабулі часцей былі вымушаныя падпарадкоўвацца волі бацькоў, чым поклічу ўласных сэрцаў, але гэта зусім не значыць, што кахалі тады менш, наадварот, драматызм і жарсці віравалі не абы-якія.

Разыграць любоўную трагедыю былі запрошаны прафесійны акцёр і дырэктар сярэдневечнага тэатра «ДыГрыза», трэнер па публічных выступах кампаніі Epam Аляксей Бурносенка, а таксама паэтка, мадэль і спявачка Кацярына Ваданосава.

Акрамя гэтага, гісторыкамі быў падабраны рэквізіт, адпаведны эпосе, больш за тое, спецыяльна для здымак рэканструявалі і сшылі кашулю галоўнага героя. Для поўнага пагружэння кліп было вырашана здымаць у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцы, дзе пад адкрытым небам размяшчаюцца старажытныя беларускія хаты, старадаўнія гаспадарчыя пабудовы і млын.

Менавіта ў такім унікальным ландшафце і разгортваецца дэтэктыўна-меладраматычны сюжэт, які ўвасобіў у жыццё аператар і рэжысёр Ігар Гусеў, дарэчы, у мінулым музыка гурту «Дай Дарогу!», а цяпер кіраўнік студыі па вытворчасці фота- і відэапрадукцыі.

«Нам доўгі час хацелася зняць прафесійнае відэа на добрую камеру, паказаць беларускую прыгажосць, сапраўдныя эмоцыі. І нарэшце гэта атрымалася. Яшчэ раз гаворым дзякуй нашым слухачам, якія ўзялі ўдзел у краўдфандынгавай кампаніі і дапамаглі ўбачыць свет «Дробненькаму дожджыку» — у ім ёсць і вашыя кроплі!» — дадае Аляксандр Дземідзенка.

Нагадаем, на платформе Talaka музыкі Re1ikt сабралі на выданне альбома «Kufar» амаль утрая больш сродкаў, чым планавалі, а таму не толькі змаглі выпусціць дыск, але таксама зняць кліп.

Кампазіцыя «Drobnieńki doždžyk» увайшла і ў CD-праект «Песні матчыны з Вушаччыны». Пачуць яе жыўцом можна будзе на прэзентацыі зборніка барадулінскіх песень 26 лютага ў Палацы ветэранаў, а таксама ў клубе Графіці 11 сакавіка на сольным канцэрце Re1ikt, дзе музыкі прадставяць акустычныя інтэрпрэтацыі кампазіцый з новага дыска.

Re1ikt — гурт, які працуе ў кірунку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-кірункамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з'яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0