24.02.2017 / 15:11

Людзі адбілі ў міліцыі абаронцу Курапат, які прыкаваў сябе да МАЗа будаўнікоў: «Буду ляжаць, пакуль не здохну» АНЛАЙН абнаўляецца аўтаматычна 93

Мінчук Сяргей Пальчэўскі паклаўся пад колы грузавіка і прыкаваў сябе кайданкамі да бампера, каб спыніць будаўнічыя работы ў Зялёным Лузе каля Курапат.

«Буду ляжаць, пакуль не здохну», — сказаў 30-гадовы Пальчэўскі. Ён кажа, што пайшоў на крайні крок, бо не бачыць іншых шляхоў спыніць будаўніцтва на пляцоўцы, якая раней уваходзіла ў ахоўную зону мемарыяла.

Сяргей Пальчэўскі — мінчук, скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, а цяпер зарабляе цяслярствам. Раней ён працаваў майстрам на заводзе «Атлант».

У 2012 годзе ён прыйшоў у Аб'яднаную грамадзянскую партыю, а крыху больш за год таму пазнаёміўся са Змітром Дашкевічам і стаў актывістам «Маладога фронту». 

Калі прыехалі МНСнікі, то ён сам адшпіліў кайданкі, каб не рэзалі. Міліцыя спрабавала затрымаць хлопца, але людзі грамадой адбілі.

Вось відэа «Нашай Нівы»:

Для Пальчэўскага Курапаты не пусты гук. У 1937-м быў рэпрэсаваны яго прадзед — Волюсь Каралецкі. «Ён быў з Уздзенскага раёна. Вядома толькі, што яго трымалі ў турме пад Оршай, а дзе пахаваны — ніхто не ведае. Гэта быў бацька маёй бабулі па мячы. Пасля смерці Сталіна яго рэабілітавалі».

«Спачатку было холадна, але потым мяне абклалі коўдрамі, грэлкамі», — расказаў «Нашай Ніве» Пальчэўскі, які праляжаў на зямлі каля трох гадзін.

Вось навіны з месца падзей ад карэспандэнтаў «Нашай Нівы» ў рэжыме анлайн:

Пальчэўскі ў дажджавіку лёг на гумовым дыванку на сырую гліну.

* * *

Нагадаем, што пачатак будоўлі каля МКАД у Зялёным Лузе выклікаў абурэнне мясцовых жыхароў, а таксама людзей, чые продкі былі расстраляныя ў Курапатах у 1929—1941 гадах.

Як высвятлілася, забудова лапіка між МКАД і вуліцай Мірашнічэнкі стала магчымая, бо ў 2014 годзе граніца ахоўнай зоны вакол некропаля ў Курапатах была змененая. Між тым участак у арэнду быў выдзелены ў 2013 года, што дае фармальную нагоду для адмены рашэння.

Пратэсты доўжацца ад панядзелка 20 лютага. Уначы на 19 лютага 15—20 маладзёнаў у чорным напалі на дзясятак юнакоў, што вартавалі каля будпляцоўкі. Нападнікі раскідалі намёт, сарвалі беларускія сцягі і перакулілі бочку з вогнішчам. Пры гэтым яны гукалі «Белая раса!».

«Магчыма, гэта былі курсанты ці спартоўцы», — выказаў меркаванне журналіст Алесь Кіркевіч, якому падчас гэтага інцыдэнта калом разбілі галаву да крыві. Ягоную ўвагу звярнуў той факт, што за пару гадзін да з'яўлення цітушак з будпляцоўкі зніклі міліцыянты-ціхары і з'ехаў «козлік» з амапаўцамі. Міліцыя праводзіць праверку па факце інцыдэнта.

Курапаты — месца, дзе саветы расстралялі дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі. Гэта была частка палітыкі, скіраванай на вынішчэнне нацыянальных эліт, здольных узначаліць супраціў паняволеных народаў. У Беларусі былі загубленыя практычна ўсе багатыя сяляне, большасць пісьменнікаў, міністраў, акадэмікаў, а пазней, у некалькі прыёмаў, самі чэкісты, якія ўдзельнічалі ў арыштах і расстрэлах.

Пратэстоўцы патрабуюць адмены рашэння аб выдзяленні пляцоўкі пад забудову.

Нагадаем, што ў выніку пратэстаў у 2013 годзе ўдалося не дапусціць адкрыцця рэстарана і забаўляльнага цэнтра «Бульбаш-хол» з іншага боку МКАД і Курапат. Варта адзначыць, што тыя пратэсты не дасягалі такога накалу.

Уладзь Швядовіч, Ірына Арахоўская, Зміцер Панкавец

11
Inhvar / Адказаць
24.02.2017 / 15:18
Вось гэта сапраўдны змагар,Змагар з вялiкая лiтары! Вось гэта я разумею! Каб у нас у РБ было такiх як ён 10000,рэжым ня вытрываў бы i развалiўся праз месяц.
11
Магістр / Адказаць
24.02.2017 / 15:27
Годны учынак шляхціца Пальчэускага
7
студент / Адказаць
24.02.2017 / 15:27
Пусть вызывают Шуневича в форме НКВД пусть стреляет !
Паказаць усе каментары/ 93 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру