Польскі аператар сеткі газаправодаў кампанія Gaz-System абрала выканаўцу, адказнага за будаўніцтва новага газаправода «Германавічы — Страхаціна», які працягнецца да мяжы з Украінай. Як паведамляецца на афіцыйным сайце кампаніі, будаўніцтвам зоймецца фірма PGNiG Technologie.

«Гэты газаправод — важны элемент у справе інтэграцыі польскай газавай сістэмы з сістэмамі Славакіі і Украіны», — інфармавала ў чацвер прэс-служба Gaz-System.

Яго працягласць складзе 72 км. Акрамя будаўніцтва газаправода, плануецца таксама пашырыць агульную інфраструктуру. Кошт работ ацэньваецца ў 288 млн злотых ($ 72 млн), іх завяршэнне запланаванае на 2019 год.

Паведамляецца таксама, што новы газаправод стане важнай часткай усходняй ніткі так званага энергетычнага калідора Поўнач — Поўдзень.

«Мэта праекта — умацаваць энергетычную бяспеку краіны, мадэрнізаваць і пашырыць сістэму перадачы газу на паўднёвым усходзе Польшчы, — сцвярджае польскі аператар. — Гэтая інвестыцыя мае вялікае значэнне ў кантэксце планаванага будаўніцтва газаправода Польшча — Украіна, які будзе пралягаць паміж вузлом ў Германавічах з польскага боку і «Більчэ-Воліца» — з украінскай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0