Тысячы людзей узялі ўдзел у шэсці, зладжаным у цэнтры Масквы ў памяць апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова, забітага 27 лютага 2015 года, паведамляе ВВС.
Заяўленая колькасць удзельнікаў мерапрыемства — 30 тысяч чалавек. Паводле ацэнак маскоўскай паліцыі, у маршы ўзялі ўдзел да 15 тысяч.
У шэсці ўдзельнічалі прадстаўнікі розных апазыцыйных партый і рухаў, у тым ліку ПАРНАС, «Яблык», «Салідарнасць» і незарэгістраваная Партыя прагрэсу Аляксея Навальнага.
Разгорнуты удзельнікамі маршу банер «Пуцін — гэта вайна» канфіскавала паліцыя, што прывяло да затрымкі пачатку маршу, піша РБК.
Лідару партыі ПАРНАС Міхаілу Касьянаву, які ўзначаліў калону, невядомы плюхнуў у твар зялёнкай. Расійскія СМІ паведамляюць, што зламыснік затрыманы паліцыяй.
Узгоднены сталічнай мэрыяй маршрут шэсця не ўключаў Вялікі Маскварэцкі мост, дзе адбылося забойства Нямцова. Марш прайшоў па леташнім маршруце: ад Пушкінскай плошчы па бульварах да Чыстых прудоў і адтуль на праспект Акадэміка Сахарава.
Reuters
Арганізатары мяркуюць, што многія ўдзельнікі маршу пасля яго заканчэння захочуць ускласці кветкі да месца забойства Нямцова.
@aserofeev
Барыс Нямцоў быў забіты 27 лютага 2015 года ў цэнтры Масквы, у пары сотняў метраў ад Крамля.