У наш дзіўны час можна быць кім заўгодна. Камуністам, анархістам, фанатам, пастафарыянцам, паэтам, дармаедам. Можна быць усімі адначасова, з хіпстарскімі вусамі і з лысаю галавою — нікому не будзе да гэтага справы. Можна несціся на хуткай «бэхе» сацыялістам, можна ехаць у марудным тралейбусе лібертарыянцам, у вышыванцы хадзіць ці імчаць на ровары «шкарпэткі ў сандалі». Можна ўсё — нават быць чалавекам без аніякіх сацыяльных і палітычных вызначэнняў.

«Я не згодны з вашымі шкарпэткамі, але ахвяраваў бы сабою за вашае права жыць так нецікава», — сказаў бы Вальтэр і рацыю меў бы. Чаму не? Трымайся закону, астатняе ўсе можна аспрэчыць, нават калі мы паб’емся ў пошуках праўды. Можна быць кім заўгодна, толькі нельга быць абыякавым да падзей у Курапатах. Бо за межамі дабра непавага да продкаў, у незалежнасці ад таго памерлі яны проста ці ад рэпрэсій. Тут чорна-белая рэчаіснасць: чорнае — будаваць, белае — супрацьстаяць. Калі не хапае інфармацыі — не будаваць і высвятляць да апошняга. Інакш навошта Радаўніца і Дзяды? Варта прыпыніць забудову — гэта адчулі абаронцы, і кантаўскае «зорнае неба нада мной і маральны закон ува мне» сталі не простымі словамі, а ўвасобіліся намётамі ў вільготную зіму.

Курапаты мусяць быць месцам нацыянальнай жалобы, месцам, якое не падзяляе, а яднае, каб прадухіліць паўтарэнне таго ж самага заўтра, незалежна ад таго, кім мы ёсць сёння.

Пакуль Курапаты абараняе толькі адна частка грамадства, а між тым гэта - шанец усім быць вышэй за палітыку: падтрымаць, хто як можа, а ўладзе зрабіць сапраўдны мемарыял ды накіраваць туды БРСМаўцаў з кветкамі. Будзе час яшчэ паспрачацца нам, такім розным, але перад продкамі мы ў адказе аднолькавыя. Курапаты павінны стаць месцам нашай годнасці, хопіць ужо турбаваць спакой людзей нейкімі там бізнес-цэнтрамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0