Малады бізнэсовец з Жодзіна Павел Касцянкоў праз некалькі месяцаў плануе запусціць продаж пітной вады пад брэндам «Белыя крылы».

«Усё афармленне я планаваў на беларускай мове. Я патрыёт, хоць сам не размаўляю па-беларуску, але хацеў бы навучыцца, каб і дзеці размаўлялі. Распрацаваная прыгожая этыкетка з вышыванкай, буслом. Калі я павёз яе на ўзгадненне ў Барысаў, у Дзяржстандарт, то там мне сказалі, што так быць не можа. Я вельмі моцна засумняваўся ў кампетэнцыі супрацоўніка, таму папрасіў спасылкі на дакумент», — расказвае Павел Касцянкоў.

У выніку бізнэсовец атрымаў стандартную спасылку на Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза, дзе гаворыцца пра тое, што інфармацыя абавязкова павінна быць на рускай мове.

Але разам з тым была дасланая спасылка на дакумент СТБ 1100-2016, які ўступіў у сілу 1 лютага 2017 года. Яго прыняццем займаўся Дзяржстандарт.

У артыкуле 4 дакумента гаворыцца: «Інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на рускай або рускай і беларускай мовах». Выходзіць, што выключна па-беларуску інфармацыю нанесці нельга.

Павел Касцянкоў звяртае ўвагу, што гэты стандарт супярэчыць закону «Аб мовах», у артыкуле 30 якога гаворыцца: «Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстанні таварамі выконваюцца на беларускай або рускай мове. Маркіроўка тавараў, прызначаных на вываз за межы Рэспублікі Беларусь, выконваецца на беларускай ці рускай мове або на мове заказчыка. Назвы ў таварных знаках падаюцца на беларускай або рускай мове».

Павел Касцянкоў кажа, што пасля такога вырашыць увогуле адмовіцца ад беларускай мовы, бо рабіць этыкеткі на дзвюх проста нявыгадна для яго.

З падобнай праблемай таксама сутыкнуліся яшчэ адны вытворцы вады — «Нарач». Намеснік генеральнага дырэктара Наталля Бародзіч кажа, што яны звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай дарэалізаваць прадукцыю са старой маркіроўкай, бо беларускамоўных этыкетак у іх яшчэ на 14700 рублёў, а таксама спаслаліся на нелагічнасць СТБ 1100-2016.

А вось новы разліў будуць выконваць у тару з рускамоўнай этыкеткай. Рабіць на дзвюх мовах у прадпрыемстве таксама не бачаць сэнсу. Да гэтага больш за пяць гадоў «Нарач» была выключна беларускамоўнай у афармленні.

Выглядае, што і астатнія рэдкія вытворцы, якія карысталіся ў афармленні сваёй прадукцыі беларускай мовай, могуць адмовіцца ад яе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?