Кастрычніцкі раённы суд Марыюпалю ўзяў пад варту да 19 красавіка беларускага добраахвотніка Ігара Кляўко паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве.

Ігар Кляўко. «Калі б не вайна», сацыяльны валянтэрскі фотопраект.

Ігар Кляўко. «Калі б не вайна», сацыяльны валянтэрскі фотопраект.

Паводле матэрыялаў справы, Ігар Кляўко разам з добраахвотнікамі-украінцамі, прыкладна ў другой палове кастрычніка 2014 года, атрымаў заказ «ад асобы, якую зараз намагаецца ўстанавіць сьледзтва, на выкраданьне, незаконнае пазбаўленьне волі і ліквідацыю, то бок наўмыснае забойства» жыхара аднаго з прылеглых да Марыюпалю паселішчаў.

У судовым рашэньні паведамляецца, што ахвяру вывезьлі 2 лістапада 2014 года ў лесапаласу, расстралялі з аўтамата Калашнікава ў сьпіну і закапалі на месцы. Паводле сьледзтва, выстралы зрабіў менавіта Ігар Кляўко.

На судовым пасяджэньні Ігар Кляўко адзначыў, што абставіны, пра якія ўзгадваюцца ў справе, магчыма і мелі месца, аднак у зьдзяйсьненьні гэтага злачынства яго абгаварылі. Ён прасіў суд не задавальняць хадайніцтва сьледчага пра арышт, спасылаючыся на тое, што па стане здароўя ён мае праходзіць курс лячэньня, а ва ўмовах СІЗА гэта немагчыма.

Але суд ухваліў рашэньне пра ўзяцьце яго пад варту. Гэтае рашэньне было матываванае тым, што Ігар Кляўко падазраецца ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкага злачынства, за якое прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі больш за дзесяць гадоў, а таксама тое, што ён ня мае пастаяннага месца пражываньня і ўстойлівых сацыяльных сувязяў ва Ўкраіне, і можа схавацца ад органаў дасудовага расьсьледаваньня.

Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнамі «Данбас» і ДУК «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя кропкі антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пескі. Пад час баявых дзеяньняў у Песках атрымаў мінна-выбуховае множнае асколачнае раненьне мяккіх тканін твару, левай галёнкі, агнястрэльны асколачны пералом левай вялікабярцовай косткі, агнястрэльны пералом левай малабярцовай косткі.

У рашэньні Кастрычніцкага раённага суда Марыюпалю адзначаецца, што Ігар Кляўко ёсьць ураджэнцам Маладзечна, мае беларускае грамадзянства і статус уцекача ў Чэхіі. Пасьля ўдзелу ў добраахвотніцкіх батальёнах ён пачаў службу ва Ўзброеных сілах Украіны паводле кантракту.

У батальёне «Данбас» пакуль сытуацыю з затрыманьнем Ігара Кляўко не камэнтуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?