Сярэдні конкурс сярод абітурыентаў, якія паступаюць на дзённую бюджэтную форму навучання ў Беларускі дзяржаўны універсітэт, склаў 2,6 чалавека на месца. Для параўнання: у 2007 годзе ён складаў 3,2 чалавека на месца, у 2006‑м — 2,6.

Як паведаміла прэс‑служба БДУ, найбольш высокі конкурс сярод гуманітарных факультэтаў (5,8 чалавека на месца) у Інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. Конкурс на гуманітарным факультэце складае 5,4, на эканамічным — 4,1, на факультэце міжнародных адносінаў — 3,6, на юрыдычным — 3,5 чалавека на месца.

Сярод факультэтаў прыродазнаўчанавуковага профілю самы высокі конкурс (2,6 чалавека на месца) адзначаны на біялагічным факультэце. На геаграфічным, механіка‑матэматычным, хімічным факультэтах конкурс складае 1,7 чалавека на месца.

Сёлета на дзённую бюджэтную форму навучання ў БДУ плануецца прыняць 1 тыс. 871 чалавека, на завочную — 425, на ваенны факультэт — 61.

Уступныя выпрабаванні ў БДУ пройдуць з 25 па 28 ліпеня. У гэтыя дні адбудуцца экзамены на факультэтах журналістыкі, некаторых спецыяльнасцях філалагічнага і гуманітарнага факультэтаў, а таксама ў інстытутах тэалогіі, кіравання і сацыяльных тэхналогій. На астатнія факультэты залічэнне будзе праводзіцца па выніках цэнтралізаванага тэставання.

Залічэнне абітурыентаў на бюджэтнае дзённае навучанне будзе доўжыцца па 30 ліпеня, на завочнае бюджэтнае навучанне — па 1 жніўня, на платнае навучанне — па 4 жніўня.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0