Мы жывём у такі час, калі інтэрнэт пачынае станавіцца ўсё больш і больш уплывовым. З часу ўвядзення дэкрэту №3 беларусы актывізаваліся і пачалі змагацца з «падаткам на дармаедства» на YouTube. Дзясяткі акаўнтаў сабралі тысячы падпісантаў за лічаныя месяцы. Мы сабралі для вас 8 папулярных акаўнтаў беларусаў, якія сталі вядомымі дзякуючы дэкрэту.

Гарантый НЯМА

Адзін з самых папулярных блогераў, які выпускае відэа на тэму «дэкрэта №3». Максім Філіповіч — жыхар Гомеля, і, як ягоныя гледачы, атрымаў «ліст шчасця». Рабіў відэа ён яшчэ да яго, але пік ягонай папулярнасці прыйшоў менавіта падчас буйнога абмеркавання дэкрэта ў інтэрнэце. Падпісанты моцна падтрымліваюць Максіма і нават ахвяруюць яму грошы на жыццё. Цяпер у гомельскага блогера 16,5 тысяч падпісантаў, а самае папулярнае відэа на ягоным канале набрала 470 тысяч праглядаў:

Палітыка Беларусі

Жыхар Віцебска Уладзімір Мунякін таксама час ад часу трапляе ў топы YouTube. Па словах Уладзіміра, ён меў іншы канал, які быў заблакаваны, цяперашні ж канал пачаў працаваць з лютага 2017 года. Уладзімір здымаў відэа на тэму палітыкі і эканомікі, але сапраўдную папулярнасць займеў менавіта на хвалі абурэння беларусаў. Сёння на канал падпісана амаль 5 тысяч чалавек, а відэа на тэму «Як не плаціць падатак на дармаедства» набрала 120 тысяч праглядаў:

Пазнавальнае ТБ

Блогеры з Беларусі стварылі канал, які за 4 месяцы мае ўжо 8,5 тысяч падпісантаў. У асноўным кантэнт складаецца з падборак відэа, як людзі спрачаюцца з падатковай, розныя выразаныя сюжэты з тэлебачання і іншых інтэрнэт-блогераў. Таксама часам з’яўляюцца аналітычныя перадачы, якія вядуць гамельчукі Яўген Пупырын і Мікалай Бураў — уладальнікі канала. Самае папулярнае відэа на канале мае 270 тысяч праглядаў:

Марат Мінскі

Мінскі блогер Марат Мінскі не адразу пачаў запісваць відэа на тэму дэкрэта. У асноўным ягоны кантэнт складаўся з відэа пра бізнэс. Сам Марат па спецыяльнасці палітолаг. Гарачая тэма «дармаедства» і прагляды гэтых відэа вымусілі блогера запісваць больш ролікаў на дадзеную тэматыку. У сваіх відэа ён аналізаваў «Марш дармаедаў», тэмы суверэнітэту і рэвалюцыі. Сёння ў яго на канале 6,6 тысяч падпісантаў, а самае папулярнае відэа мае 71 тысячу праглядаў і прысвечанае тэме «Маршу абураных беларусаў»:

Таццяна і Павал Карэліны

Муж і жонка стварылі канал на YouTube, дзе з лютага пачалі выходзіць аналітычныя ролікі на тэму дармаедства, улады і г.д. За месяц сям’я сабрала ўжо 1,3 тысячы падпісантаў. Самі аўтары сябе не паказваюць, замест гэтага на іх падкастах ідзе відэашэраг, а ўсе думкі запісаныя толькі на аўдыё. Адзін з самых папулярных ролікаў на тэму дэкрэта пад назвай «Улады адменяць закон аб дармаедстве» набраў 135 тысяч праглядаў:

Улады няма

Рэчыцкі 23-гадовы хлопец Дзмітрый Лебедзеў таксама займеў папулярнасць дзякуючы відэа на тэму дэкрэта. Месяц таму ён запісаў свой першы ролік, і той стаў самы папулярным на ягоным канале. Хлопцу прыйшоў «ліст шчасця», і ён вырашыў падзяліцца гэтым з інтэрнэт-карыстальнікамі. Цяпер Дзмітрый робіць відэа з маршаў, судоў, ладзіць падкасты і спрабуе збіраць ахвяраванні за свае відэа. Вось ягонае першае і самае папулярнае відэа:

Edgar Konstantin

Эдгар Вальвачаў з Оршы стварыў свой канал на YouTube яшчэ ў 2012-м. Хлопец дзяліўся сваімі думкамі на розныя тэмы і, на дзіва, выстаўляў відэа з анбоксінгамі. Месяц таму блогер пачаў рабіць відэа на тэму дэкрэта, і гэта вельмі паўплывала на прагляды. Цяпер на канале Эдгара 1,6 тысяч падпісантаў, а самае папулярнае відэа называецца «Куды Лукашэнка марнуе грошы з падаткаў»:

Беларускае Поле Эксперыментаў

Дзмітрый Сабураў з Гомеля сёлета таксама быў вымушаны пачаць рабіць відэа. Малады блогер атрымаў «ліст шчасця» і быў вінен дзяржаве 185 даляраў. Цяпер Дзмітрый ходзіць з відэакамерай па розных інстанцыях, запісвае блогі з маршаў і пратэстаў, збірае подпісы за адмену дэкрэта. Адно з такіх відэа, дзе хлопец збірае подпісы, мае 6,4 тысячы праглядаў:

Дзяліцеся ў каментах, на якіх блогераў, што асвятляюць тэму дэкрэта №3, вы падпісаныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?