Расея і Кітай наклалі вета на рэзалюцыю ААН аб увядзенні ў дачыненні да некалькіх сірыйскіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў санкцый з-за падазрэнняў у выкарыстанні хімічнай зброі, паведамляе ВВС.

Расія ўжо ў сёмы раз накладвае вета на рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН, каб абараніць сірыйскі ўрад. Кітай таксама блакаваў шэсць рэзалюцый па Сірыі з пачатку там грамадзянскай вайны ў 2011 годзе.

Рэзалюцыя, падрыхтаваная Брытаніяй, Францыяй і ЗША, атрымала дзевяць галасоў за, тры галасы супраць — Кітая, Расіі і Балівіі. Казахстан, Эфіопія і Егіпет устрымаліся. Калі б не вета, рэзалюцыя б лічылася ўхваленай.

Раней у аўторак прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін назваў недарэчнымі санкцыі ў дачыненні да сірыйскага кіраўніцтва, «таму што гэта не дапамагло б перамоўнаму працэсу, а толькі перашкаджала б або падрывала б давер у ходзе гэтага перамоўнага працэсу».

Сірыя пагадзілася знішчыць хімічную зброю ў 2013 годзе ў рамках пагаднення, дасягнутага пры ўдзеле Расіі і ЗША.

Сірыйскі ўрад раней адмаўляў выкарыстанне хімічнай зброі, аднак ААН і Арганізацыя па забароне хімічнай зброі правялі расследаванне і прыйшлі да высновы, што сірыйскія ўрадавыя сілы ўчынілі тры напады з прымяненнем хімічнай зброі ў 2015 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?