У Францыі жандар выпадкова стрэліў у натоўп падчас выступу прэзідэнта Франсуа Алянда ў дэпартаменце Шаранта, паведамляе tut.by са спасылкай на тэлеканал BFM TV.
Інцыдэнт адбыўся 28 лютага ў горадзе Віланьён, дзе праходзіла ўрачыстае адкрыццё высакахуткаснай чыгуначнай лініі Парыж—Бардо. Падчас прамовы прэзідэнта раптам пачулася некалькі стрэлаў. Параненыя два чалавекі. Паводле даных тэлеканала, людзі атрымалі лёгкія раненні ў ногі. Прэзідэнт перапыніў сваю прамову пасля здарэння і перагаварыў з пацярпелымі, пазней іх адправілі ў бальніцу.
Праваахоўнік, які страляў, удзельнічаў у забеспячэнні бяспекі мерапрыемства. Ён знаходзіўся на даху, пры ім была снайперская вінтоўка. Паводле даных СМІ, «стрэл адбыўся, калі жандар мяняў становішча».
Па дадзеным факце прызначаная праверка.